Праваслаўны асветнік ці грузін-бальшавік? У Магілёве вырашаць, як назваць цэнтральную плошчу


У Магілёве ідзе грамадскае абмеркаванне ініцыятывы вернікаў аб пераназванні цэнтральнай плошчы Арджанікідзэ ў плошчу праваслаўнага асветніка і дзеяча Георгія Каніскага. ТБМ прапаноўвае трэці варыянт.

«На пасяджэнні тапанімічнай камісіі выказваліся розныя думкі і розныя меркаванні. А прышлі напрыканцы да думкі, што неабходна наладзіць грамадскае абмеркаванне. То бок няхай самыя магілёўцы выкажуць сваю думку», – распавядае Ігар Пушкін з магілёўскай Тапанімічнай камісіі.

Ініцыятыва праваслаўных вернікаў прадугледжвае таксама ўсталяванне помніку. Нагода для ўшанавання таксама маецца: налета Магілёў будзе адзначаць 300-годдзе асветніка. Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 27 ліпеня, меркаванні ж магілёўцаў падзяліліся: хтосьці гаворыць пра каштоўнасць савецкай спадчыны, хтосьці – за ўшанаванне праваслаўнага асветніка. Ёсць і іншыя меркаванні.

«У нас усё-ткі свецкая дзяржава, а Каніскі больш рэлігійны дзеяч. І, на маю думку, змяняць чырвонага крыважэрнага тырана Арджанікідзэ на рэлігійнага праваслаўнага Каніскага – гэта не вельмі», – кажа адзін з жыхароў Магілёву.

Варыянт, які б мог задаволіць усіх, зрэшты, таксама ёсць. Мясцовая філія Таварыства беларускай мовы накіравала ліст да кіраўніцтва гораду з прапановаю вярнуць месцу, на якім цяпер плошча, гістарычную назву – Касцерня. Найменне зʼявілася ў часы Вялікага Княства Літоўскага, выкарыстоўвалася ў Расейскай імперыі ды нават перажыло Другую ўсясветную вайну і захавалася ў маўленні мясцовых жыхароў.

«Касцерня стала ўжывацца з сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя пасля паўстання 1 лютага 1661 года, калі магілёўцамі быў знішчаны маскоўскі гарнізон і некалькі тысяч стральцоў было пахавана вось прыкладна на гэтым месцы», – кажа Алег Дзячкоў з ТБМ.

Што ж да Георгія Каніскага, то наракаць на забыццё ягонага імя сёння ў Магілёве і без новай плошчы не даводзіцца.

«У нас ёсць вал Георгія Каніскага, палац Георгія Каніскага. І калі рабіць нейкую плошчу Георгія Каніскага, лепш яе зрабіць, напэўна, у нейкім новым мікрараёне. А ў гістарычным цэнтры, напэўна, варта вяртаць гістарычныя назвы, якія сотнямі гадоў рабілі аблічча нашага старажытнага Магілёва», – дадае Дзячкоў.

Зрэшты, тапанімічная камісія, якая распачала грамадскае абмеркаванне – орган дарадчы. Канчатковую кропку над «і» мае паставіць гарвыканкам. Улічваючы ж паспяховыя прыклады вяртання ў горадзе гістарычных назваў, надзея сысці ад савецкай мінуўшчыны да сваёй уласнай – цалкам рэальная. Слова – за магілёўцамі!

Валер Руселік, belsat.eu

Стужка навінаў