Праваслаўная царква хоча знішчыць парк у цэнтры Віцебску


Замест парку, якім захапляюцца гараджане, хочуць пабудаваць царкву паводле праекту «Газпрому».

Крыж на адным з апошніх зялёных куткоў у цэнтры Віцебску плануе паставіць… праваслаўная царква. На грошы расейскага «Газпрому» у парку Партызанскай славы збіраюцца пабудаваць макет полацкага Сафійскага сабора ХІ стагоддзя. Пад нож маюць пайсці 206 дрэваў і амаль 5 тыс. квадратных метраў газонаў.

«Дрэваў, вядома ж, шмат высекуць. А зялёных зонаў у нас у горадзе не вельмі шмат. Шкада высякаць дрэвы», – кажа жыхарка Віцебску.

«Канешне, мы супраць. Такі парк цудоўны! Вельмі шкада!» – выказваецца іншая жыхарка гораду.

Акрамя экалагічных паўстае і шэраг іншых пытанняў: навошта макет полацкага храму – у Віцебску, калі вакол – столькі неадноўленых уласных помнікаў? Дый будаваць нешта новае ў гістарычным цэнтры забаронена законам, зʼяўленне сабора пярэчыць Генплану гораду. Дакументы ж ад забудоўцаў не вытрымліваюць незалежнай экспертызы, а грамадскія слуханні адбываліся з парушэннямі.

«Можна патрабаваць, каб гэтыя парушэнні былі ліквідаваныя. Фактычна, іх можна ліквідаваць толькі праз правядзенне паўторных грамадскіх абмеркаванняў. Трэба патрабаваць, каб справаздача аб АУНА (Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) была зробленая якасна», – тлумачыць юрыст, прадстаўнік грамадскага абʼяднанная «Экадом» Рыгор Фёдараў.

У інтэрнэце распачаты збор подпісаў пад заклікам да царкоўных уладаў не знішчаць парк і будаваць царкву ў іншым месцы.

Ініцыятыву каментуе Наталля Атаманава, падпісантка петыцыі ў абарону парку:

«Калі гучна пра нешта заяўляць і калі ўсім быць разам і актыўнічаць – так, гэта можа спрацаваць! У нас у гэта, штопраўда, мала людзей верыць, але так – часам спрацоўвае, часам гэта мае сілу!»

«Зразумейце, што ад таго, што ў Віцебску зʼявіцца яшчэ адзін новы, ужо дваццаць восьмы праваслаўны храм на месцы знішчанага зялёнага масіву, у людзей павагі і любові да веры не дадасца», – мяркуе абаронца парку Сяргей Януковіч.

Бо павага і любоў – як тыя дрэвы – вырошчваюцца гадамі і бяздумнасці не церпяць.

Валер Руселік

Стужка навінаў