Праваслаўе на продаж. Хто будзе купляць уцэненыя іконы на Афоне?


Пасля рэкамендацый Рускай Праваслаўнай Царквы не наведваць манастыры Афону, а калі і наведваць, то не ўдзельнічаць у малітве і не прычашчацца, нашыя карэспандэнты Ігар Кулей і Дзяніс Дзюба адправіліся на грэцкі паўвостраў Халкідыкі, каб на месцы разабрацца, ці не апусцее Святая зямля без паломнікаў з Расеі.

Фота: Штогод манастыры Афону наведваюць 250 тысячаў мужчын. Жанчынам уезд на паўвостраў забаронены

Найбліжэйшы да Афону аэрапорт месціцца ў Салоніках, папулярным турыстычным курортным напрамку. «Аксамітны сезон» ужо скончыўся, але кожны тыдзень сюды ўсцяж прылятаюць па 15 прамых рэйсаў з Масквы. Уладальнік пракату аўтаў кажа, што без патоку рускамоўных бізнес не ішоў бы так удала.

95 кіламетраў, якія аддзяляюць Афон ад Салонікаў, можна праехаць машынай або рэйсавым аўтобусам. Горная звілістая дарога зойме 2,5 гадзіны – і вось мы на мяжы Грэцыі з вельмі незвычайнай дзяржавай.

Фота: Іконы з Афону ляжаць на паліцах, як зефір у супермаркеце. Канкрэтна гэтыя каштуюць па 150 еўра за штуку

Брама на Афон

Святая Гара Афон – асобная манаская краіна са сваймі правіламі, якая жыве адасоблена і аскетычна вось ужо цягам амаль паўтары тысячы гадоў. Трапіць туды можна толькі пасля атрымання спецыяльнага дазволу і толькі па моры. Брамаю на паўвостраў для 99 з 100 паломнікаў служыць невялікі гарадок Уранопаліс, які сам калісьці быў часткаю Святога Афона.

50 гадоў таму Уранопаліс сустрэў лёс любога іншага мястэчка, якому пашанцавала суседнічаць з месцам масавага паломніцтва. Вуліцы, забітыя крамамі, гандлююць пазалочанымі абразамі, крыжыкамі і ладанам. Амаль паўсюль надпісы на расейскай мове, амаль паўсюль персанал нядрэнна на ёй размаўляе. Галерэя, назва якой пераконвае нас, што тут прадаюць абразы з Афона. Сотня розных памераў і стыляў. Кошты? Ад 70 да некалькіх тысячаў еўраў. Праца ручная, але тавар не эксклюзіўны. Копіі лікаў святых стаяць на паліцах як скрынкі з шакаладам у супермаркеце. Калі забраць адную з іконаў, на яе месца адразу ж даставяць ідэнтычную копію.

У суседняй краме іконы ўжо не з Афона, тут можна ўзяць пластыкавыя і па 10, і па 5 еўра. Крыжыкі з Афонскага манастыра Ватопед: сярэбраныя па 15, драўляныя па 3 еўра. Купіце пяць і атрымаеце шосты ў падарунак. Зусім не гэта ўяўляеш сабе, калі думаеш пра старцаў, што парвалі з усім мірскім, дзесяцігоддзямі жывуць у келлях Афонскіх манастыроў без радыё і тэлебачання.

Уранопаліс: на 800 жыхароў прыпадае чвэрць мільёна турыстаў за год

Расейскі фактар

Але ці можна апісаць каштоўнасць святога месца ў грошах? Усё магчыма, калі гаворка ідзе пра буйны расейскі бізнес. Як паведамілі крыніцы рускай службы Бі-Бі-Сі, за 15 папярэдніх гадоў расейскія бізнесмены патрацілі каля 200 млн долараў на ўтрыманне і рэстаўрацыю манастыроў Афона – жамчужыны праваслаўнага свету. Для параўнання, ўкладанні расейскага бізнесу ў сферу адукацыйных тэхналогіяў складаюць каля 2 млн долараў у год, або амаль у 10 разоў менш.

Крыжыкі з Афонскага манастыра Ватопед: сярэбраныя па 15, драўляныя па 3 еўра. Купіце пяць і атрымаеце шосты у падарунак

«Калі гаворка ідзе пра нашу Гару, размова пра грошы недарэчная», – абураецца, уладальнік аднаго з грэчаскіх турыстычных агенцтваў у Уранопалісе, якія арганізоўваюць паездкі на Афон.

Бізнесмен адмаўляецца каментаваць рашэнне Рускай Праваслаўнай Царквы разарваць адносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, але ў асабістай гутарцы даволі рэзка адклікаецца аб РПЦ, падкрэсліваючы, што горш ад разрыву адносін будзе толькі парафіянам Маскоўскага Патрыярхату. У тое, што паток паломнікаў можа хоць колькі-небудзь скараціцца, суразмоўца «Белсату» не верыць. Наколькі ён блізкі да праўды, пакуль сказаць цяжка.

Кожны год манастыры Афона наведваюць 250 тысяч мужчын. Жанчынам ўезд на паўвостраў забаронены. Нягледзячы на тое, што амаль кожны другі праваслаўны ва ўсім свеце – расеец, паломнікі з Расеі займаюць тут толькі другое месца, пасля румынаў.

Непаслухмяныя прыхаджане

Нягледзячы на рэкамендацыю РПЦ устрымацца ад паездак на Афон, знайсці тых, хто адмовіцца наведваць Святую Гару аказалася не так і проста. За два дні мы сустрэлі толькі аднаго чалавека, які планаваў заставацца на Афоне даўжэй, але пачуўшы пра рашэнне РПЦ, сабраў рэчы і паабяцаў сюды не вяртацца да моманту прымірэння двух Цэркваў.

Туры на Афон з Масквы пасля скандалу ў праваслаўным свеце прадаюць са скідкай да 30%

Астатнія вернікі Маскоўскага Патрыярхату казалі, што праігнаруюць савет РПЦ. Простым вернікам за парушэнне забароны на прычашчэнне і сумесную малітву ў храмах Афона патрабуецца толькі пакаяцца, а вось святары РПЦ за непаслушэнства могуць быць пазбаўлены сану.

Hавiны
РПЦ назвала пакаранні за малітву ў «забароненых» цэрквах Канстанцінопальскай патрыярхіі
2018.10.16 09:10

Тым дзіўней было сустрэць святароў з Расеі ля падножжа Святой Гары. Спасылаючыся на субардынацыю, каментаваць рашэнне Сінода РПЦ ніхто з іх не захацеў. Але сам факт іх паломніцтва ў вотчыну Канстанцінопальскага Патрыярхату кажа пра тое, што з рашэннем Масквы яны не згодныя. Не дзіўна, бо традыцыя наведвання Афона актыўна культывавалася ў Расеі два апошнія дзесяцігоддзі.

На Афон ездзілі дэпутаты Дзярждумы і алігархі, іерархі рускай праваслаўнай царквы і простыя офісныя працаўнікі з правінцыйных гарадоў. Наведваў Святую Гару і маскоўскі патрыярх Кірыл. Сам Уладзімір Пуцін прыязджаў на Афон двойчы, і яшчэ як мінімум раз не патрапіў туды праз непагадзь.

Ці стараўся Пуцін гэтак жа настойліва патрапіць у якой-небудзь з праваслаўных манастыроў у самой Расеі – пытанне рытарычнае. І раптам, пасля сваркі РПЦ з Канстанцінопалем, Афонскія святыні ў Маскве назвалі пераацэненымі, і параілі ўсім ездзіць у манастыры айчынныя. Цуды, ды і толькі!

Ігар Кулей/АА, belsat.eu

Стужка навінаў