Праваабаронцы выпусцілі фотаальбом «Вясна-2017», каб паказаць драматычнасць беларускай гісторыі


Праваабаронцы «Вясны» 21 сакавіка прэзентавалі фотаальбом з аднайменнай назвай, прысвечаны леташнім падзеям.

Рэдактар кнігі Алена Лапцёнак распавяла, што галоўным героем фотаальбома з’яўляецца народ – людзі, якія выйшлі на акцыі супраць дэкрэту №3. Акрамя таго, вялікая частка фотаальбома аддадзена падзеям 25 сакавіка, а таксама абаронцам Курапатаў, таму што дзякуючы нязломнай барацьбе ўдалося прыпыніць дзеянне дэкрэту і адбіць пляцоўку каля Курапатаў, якая знаходзіцца ў ахоўнай зоне.

У фотакнігу ўвайшлі аўтарскія фотаздымкі Уладзя Грыдзіна, Сяргея Гудзіліна, Антона Матолькі, Віталя Ругайлы і іншых.

У выданне ўвайшло каля 200 аўтарскіх здымкаў, а таксама фотаздымкі з адкрытых крыніц. Фотаальбом выдадзены на дзвюх мовах: збольшага зроблены на беларускай, а ў канцы ёсць пераклад подпісаў на старонках на англійскую.

Пра ідэю і неабходнасць выдання такога альбома распавёў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Ва ўсім новым ёсць частка старога. Калі мы прыдумалі назву для гэтай кнігі і яна ўжо пайшла ў друк, прыйшла на памяць іншая кніга – «Менская вясна 1996». І калі мы рабілі назву для гэтага альбома, мы абсалютна не згадвалі кніжку, але так атрымалася, што нашыя гарачыя вёсны адбываюцца фактычна штогод, і мінулы год тут не быў выключэннем», – сказаў ён.

Падчас прэзентацыі праваабаронцы заявілі, што мінулы год быў напружаны і даў зусім іншыя лічбы ў параўнанні з папярэднім годам. Толькі па падліках праваабаронцаў было больш за 250 адміністрацыйных арыштаў, у той час, як у 2016 годзе – толькі адзін. Штрафы таксама былі вельмі папулярнымі, і зафіксаваны 551 выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у масавых мерапрыемстваў. Агульная сума штрафаў складае больш за 135 тыс. еўраў без уліку журналістаў.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў