Праваабаронцы: Выбарчая кампанія праходзіць у сітуацыі няспынных рэпрэсіяў


Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала чарговы аналітычны агляд наконт выбарчай кампаніі ў Беларусі.

«Выбарчая кампанія праходзіць на фоне рэзкага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у сітуацыі няспынных рэпрэсіяў у дачыненні да грамадзянаў, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, што падтрымлівае атмасферу страху ў грамадстве», – адзначаецца ў аглядзе.

Праваабаронцы нагадваюць, што Віктар Бабарыка, Эдуард Бабарыка, Святлана Купрэева і Уладзімір Дудараў былі на мінулым тыдні прызнаныя палітвязнямі.

«Назіральнікі кампаніі працягваюць паведамляць аб выкарыстанні адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі – збор подпісаў пры непасрэдным удзеле адміністрацыі арганізацыяў, прадпрыемстваў і ўстаноў на іх тэрыторыі, у тым ліку і ў працоўны час», – адзначаюць праваабаронцы.

Назіральнікі падкрэсліваюць, што пры правядзенні вулічных пікетаў па зборы подпісаў за Лукашэнку іх арганізатары не абмяжоўваліся выключна зборам подпісаў, але і абмяркоўвалі іншыя пытанні, якія закранаюць інтарэсы грамадзянаў. Пры гэтым ніякіх заўвагаў з боку праваахоўных органаў і выбарчых камісіяў да іх не было, што сведчыць аб пра неабʼектыўны падыход уладаў да вулічных пікетаў.

«Аналізуючы сітуацыю, якая склалася ў краіне і ўмовы правядзення выбараў у цэлым, эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што створаныя ўмовы правядзення сёлетняй выбарчай кампаніі несумяшчальныя з міжнароднымі стандартамі свабодных і дэмакратычных выбараў, заснаваных на роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбе», – адзначаецца ў аглядзе.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў