Праваабаронцы прызналі Вячаслава Касінерава палітзняволеным


Вячаслаў Касінераў

У супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацыяў гаворыцца пра тое, што крымінальны пераслед Касінерава мае палітычна матываваны характар.

Праваабаронцы мяркуюць, што акцыя-перфоманс актывіста, падчас якой актывіст накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расейскай імперыі (побач з будынкам МУС), не падпадае пад склад хуліганства, у якім уласна Вячаслава Касінерава і вінавацяць. У заяве адзначаецца, што актывіст, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА, такім чынам хацеў выразіць свой публічны пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

«Гэтыя дзеянні не звязаныя з ужываннем гвалту ці пагрозай яго ўжывання, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, не характарызуюцца асаблівым цынізмам, не маюць хуліганскага матыву, а з’яўляюцца выказваннем меркавання, якое ўключае свабоду, сярод іншага, распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі шляхам, у тым ліку, мастацкіх формаў выяўлення ці іншымі сродкамі па сваім выбары», – упэўненыя праваабаронцы.

На іхную думку, кваліфікацыя дзеянняў Касінерава як наўмысна здзейсненая хуліганства, заключэнне яго пад варту і магчымае далейшае пазбаўленне волі зʼяўляюцца празмернымі і скіраванымі на ізаляцыю актывіста:

«Гэты крымінальны пераслед, як і папярэдні, у жніўні 2015 г., абумоўлены яго актыўнасцю ў анархісцкім руху, а таксама помстай органаў міліцыі. Такім чынам, крымінальны пераслед В. Касінерава мае палітычна матываваны характар».

У сувязі з пазбаўленнем волі на такіх падставах, праваабаронцы лічаць Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.

Пад заявай падпісаліся:

  • ПЦ «Вясна»
  • «Беларускі Хельскінскі камітэт»
  • «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
  • «Цэнтр прававой трансфармацыі»
  • Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звоскава
  • ПУ «Беларускі дакментацыйны цэнтр»
  • Беларускі ПЭН-цэнтр
  • «Правая ініцыятыва».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў