Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек


Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 12 чалавек, якім выставілі абвінавачванне паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя закалоты) за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, абвінавачванне паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя закалоты) выстаўлена Cяргею Капанцу, Дзянісу Кірэшчанку, Аляксею Караткову, Станіславу Міхайлаву, Алене Маўшук, Алегу Мазгову, Дэвіду Масціцкаму, Мікалаю Сасеву, Ігару Салаўю, Ягору Сугойдзю, Дзянісу Чыкалёву і Вячаславу Шэлямету. Пераслед гэтых людзей праваабаронцы лічаць палітычна матываваным, звязаным з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў.

Праваабаронцы канстатуюць, што жнівеньскія пратэсты ў Беларусі «насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы». Дэманстранты не рабілі дзеяння, якія можна кваліфікаваць паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («масавыя закалоты»).

«Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі», – адзначаецца ў дакуменце.

Агулам, па стане на 17 верасня, беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 70 зняволенных.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў