Праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла аб прызнанні паліттэхнолага Віталя Шклярава палітычным зняволеным, паведамляе «Вясна».
Віталь Шкляраў з’яўляецца чарговым фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».
Пры прызнанні яго палітвязнем праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі аб прызнанні палітзняволенымі іншых фігурантаў справы.
Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Віталя Шклярава і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
Нагадаем, што затрыманага ў Гомлі 29 ліпеня паліттэхнолага вінавацяць паводле ч.1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Віталь Шкляраў нарадзіўся ў Гомлі, родным горадзе Сяргея Ціханоўскага. Вучыўся ў Нямеччыне, працаваў у выбарчых кампаніях Ангелы Мэркель, Барака Абамы, Бэрні Сандэрса.
Жонка паліттэхнолага – грамадзянка ЗША, якая працуе ў амерыканскай амбасадзе ў Кіеве. Таму ў Шклярава ёсць дыппашпарт.
Шкляраву прыпісвалі супрацу з Ціханоўскім, аднак у ягоным штабе гэтую інфармацыю зняпраўджваюць.
МГ belsat.eu