Праваабаронцы прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітвязнямі


Ілля Салей і Марыя Калеснікава. Фота прэс-службы штабу Віктара Бабарыкі

«Выказванне свайго меркаванне і патрабаванне дыялогу паміж грамадствам і ўладай не можа з’яўляцца злачынствам у дэмакратычным грамадстве», – гаварыцца ў супольнай заяве праваабарончых устаноў, паведамляе цэнтр «Вясна».

У адносінах да Марыі Калеснікавай, Іллі Салея і Максіма Знака з санкцыі пракурора была абраная мера заключэння пад варту, іх затрымалі па падазрэнні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК).

«Мы катэгарычна не згодныя з такой прававой кваліфікацыяй дзеянняў М. Калеснікавай, М. Знака, І. Салея і ўсіх сябраў Каардынацыйнай рады ў цэлым, лічым яе штучнай, прадузятай, сутнасна не адпавядаючай характару і задачам дзейнасці Рады і відавочна палітычна матываванай.

Сябры Каардынацыйнай рады і яе прэзідыума неаднаразова публічна заяўлялі аб тым, што мэта Рады – удзел у перамоўным працэсе паміж народам і ўладай па ўрэгуляванню палітычнага крызісу, які склаўся ў краіне пасля правядзення непразрыстых і несвабодных выбараў Прэзідэнта Беларусі.

Ніякіх захадаў, у тым ліку публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, а тым больш па гвалтоўнаму змяненню канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь ці здзяйсненню тэрарыстычных актаў, дыверсій і іншых дзеянняў, якія маглі б прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы краіны, яны не здзяйснялі.

Выказванне свайго меркаванне і патрабаванне дыялогу паміж грамадствам і ўладай не можа зʼяўляцца злачынствам у дэмакратычным грамадстве.

Мы перакананыя, што крымінальны пераслед М. Калеснікавай, М. Знака і І. Салея носіць палітычна матываваны характар, ён скіраваны на спыненне іх законнай дзейнасці ці змяненні яе характару.

А прадэманстраваныя спецслужбамі Беларусі абсалютна неправавыя падыходы – выкраданне і спроба гвалтоўнага выдварэння за межы краіны М. Калеснікавай у працяг такіх жа неправавых ранейшых практык, ужытых у дачыненні да С. Ціханоўскай і В. Кавальковай, пагрозы фізічнай расправы ў адносінах да Марыі Калеснікавай у будынку ГУБАЗіК, яшчэ болей падкрэсліваюць палітычны і супрацьпраўны характар гэтага пераследу.

На падставе гэтага мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея палітычнымі зняволенымі і патрабуем: неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх; неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення палітычных рэпрэсій і гвалту ў краіне».

На 10 верасня праваабаронцы прызналі палітзняволенымі 58 чалавек.

Стужка навінаў