Праваабаронцы патрабуюць вызвалення затрыманых у межах справы аб «масавых закалотах»


Праваабаронцы маюць інфармацыю, што дзевяці ўдзельнікам жнівеньскіх пратэстаў было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 293 КК (масавыя закалоты). Гэтых людзей праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі і патрабуе іх вызвалення. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Праваабаронцы канстатуюць, што жнівеньскія пратэсты ў Беларусі «насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы».

«Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат», – падкрэсліваецца ў заяве.

Праваабаронцы лічаць, што дэманстранты не рабілі дзеяння, якія можна кваліфікаваць паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («масавыя закалоты»).

«Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі», – адзначаецца ў дакуменце.

Праваабаронцы паведамляюць, што Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Дзмітрыю Кубараву, Віктару Панцялееву, Віталю Пракапчуку, Ігару Пракапчуку, Вячаславу Рагашчуку, Артуру Халімончыку, Алегу Рубцу і Ігару Ярмолаву было выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 293 КК (масавыя закалоты). Пераслед гэтых людзей праваабаронцы лічаць палітычна матываваным і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» на дадзены момант мае інфармацыю пра больш чым 60 падазраваных у крымінальных справах, распачатых пасля пратэстаў 9-12 жніўня ва ўсёй Беларусі.

Паводле арт. 293 КК пад вартай цяпер застаюцца як мінімум 39 чалавек (21 асоба ў Менску і 18 у рэгіёнах). Таксама ёсць затрыманыя паводле арт. 363 КК (супраціў працаўніку органаў унутраных справаў) і арт. 364 КК (гвалт або пагроза ужывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў