Праваабаронцы не ўпэўнены, што грамадскасці паведамілі пра ўсіх «смяротнікаў»


Беларускія праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што сітуацыю з 5 смяротнымі прысудамі ў 2017 годзе, пра што сёння заявіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валер Калінковіч, застаецца не да канца зразумелай.

Нагадаем, 31 студзеня Калінковіч на прэс-канферэнцыі заявіў, што ў 2017 годзе ў Беларусі было вынесена 5 смяротных прысудаў. Як паведамлялася раней, да расстрэлу летась прысудзілі Аляксея Міхаленю (забойства двух пенсіянераў), Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога (справа «чорных рыэлтараў» – 6 забойстваў) і Віктара Летава (забойства сукамерніка ў калоніі). Хто пяты «смяротнік» – не зусім зразумела. Вядома, што смяротнага пакарання чакае Кірыл Казачок (забойства ўласных дзяцей) – ягоны вырак быў вынесены ў апошнія дні 2016 года, аднак набыў моц у 2017-м. Аднак ці пра яго ідзе гаворка?

«Цяжка адразу зразумець, што канкрэтна меў на ўвазе Валер Калінковіч, паколькі нам вядома дакладна пра чатыры вынесеныя смяротныя прысуды ў 2017 годзе. Магчыма, суддзя нешта наблытаў і прылічыў сюды Кірылу Казачка, якога Гомельскі абласны суд прысудзіў да смяротнага пакарання 28 снежня 2016 года, але прысуд на той час яшчэ не ўступіў у законную сілу. А з іншага боку, калі ўлічыць, што ў Беларусі афіцыйна не паведамляецца пра вынесеныя смяротныя прысуды, што такая інфармацыя хаваецца ад грамадскасці па-ранейшаму, то магчыма, як гэта было ў сітуацыі з нядаўна «знойдзеным» у СІЗА №1 Віктарам Летавым, існуе яшчэ нехта, каму быў вынесены расстрэльны вырак у 2017 годзе», – адзначыў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда, піша партал spring96.org.

Праваабаронцы спадзяюцца, што Вярхоўны суд удакладніць агучаную пра колькасць смяротных прысудаў у Беларусі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў