Праваабаронцы назвалі арыштаваных журналістак «Журналісткамі году»


Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, а таксама журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч сталі лаўрэатамі прэміі ад беларускай праваабарончай супольнасці за 2020 год у намінацыі «Журналіст/ка года» за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека.

Дыплом пераможцаў намінацыі «Журналіст/ка года-2020».
Фота: Белсат

Традыцыйная цырымонія ўручэння Нацыянальнай Прэміі праваабарончай супольнасці праходзіць 10 снежня, у Дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Праваабаронцы агучваюць пераможцаў у намінацыі «Журналіст/ка году», «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва году» і «Праваабаронца году».

У намінацыі «Журналіст/ка года-2020» лаўрэатамі прэміі сталі Кацярына Андрэева («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY) і Дар’я Чульцова («Белсат»).

 

Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі стрым з разгону пратэстоўцаў і разбурэння мемарыялу памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Іх вінавацяць паводле крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.

Беларускія праваабаронцы прызналі зняволеных журналістаў палітвязнямі.

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.
Стужка навінаў