Праваабаронцы ладзяць марафон салідарнасці з палітвязнямі


Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтру «Вясна» праводзіць тыдзень падтрымкі палітычных вязняў Беларусі з 20 па 25 жніўня.

Цягам гэтага часу можна наведаць офіс «Вясны» (Менск, пр. Незалежнасці 78-а, 48) і падпісаць паштоўкі, якія будуць адасланыя палітвязням.

Акрамя таго, 22 жніўня адбудзецца імпрэза, падчас якой будуць прэзентаваныя гісторыі палітычных вязняў з усяго свету, а таксама можна будзе пагутарыць з былымі беларускімі вязнямі сумлення.

Нагадаем, паводле праваабаронцаў, цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца 2 палітвязня:

  • Зміцер Паліенка. У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Летась Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.
  • Міхаіл Жамчужны. Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі; дачы хабару.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў