Праваабаронца: «Выбары перайшлі ў стадыю спецаперацыі»

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч заявіў, што пасля сённяшняга рашэння ЦВК выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі. Пра гэта паведамляе праваабарончы партал spring96.org.

Каментуючы рашэнне ЦВК аб абмежаванні колькасці назіральнікаў на выбарчых участках, Лабковіч назваў гэта перакрэсліваннем «апошніх выбарчых працэдур у краіне». Праваабаронца падкрэслівае, што гэтае рашэнне пярэчыць прынцыпу галоснасці, які прадугледжаны арт. 13 Выбарчага кодэксу.

«Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма наагул казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Прыкра, што Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, быццам бы дбаючы пра здароўе людзей, але ў іншым яна не хітрыць, бо ўсе яны яны баяцца маральнага ціску на сябраў УВК. Цяжка фальсіфікаваць выбары, калі за табой сочаць столькі шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасць грамадства і жаданне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой грамадскай актыўнасці, і адказваюць на гэта сваімі звыклымі метадамі», – заявіў Лабковіч.

Паводле праваабаронцы, спачатку ўлады «закрылі УВК да 24 ліпеня, не праводзячы працу па акрэдытацыі назіральнікаў, затым праз чорны ўваход напампавалі ўчасткі сваімі фэйкавымі назіральнікамі з праўладных арганізацыяў, а затым зрабілі фармальнасць у выглядзе сённяшняга рашэння».

«Фактычна выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі па захаванню статус-кво ў краіне», – кажа Лабковіч.

Праваабаронцы: Улады дэманструюць беспрэцэдэнтны ўзровень ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу

Нагадаем, сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ не будуць назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

ІІ belsat.eu

Hавiны