Праваабаронца Наста Лойка: У «справе графіцістаў» відавочная помста міліцыянтаў


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGNFpleV85Tmo3bGslMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]За што насамрэч судзяць аўтараў графіці «Беларусь мае быць беларускай», пракаментавала «Белсату» юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка.

«Тут відавочная асабістая помста працаўнікоў міліцыі хлопцам, бо насамрэч тое, што яны зрабілі, вельмі складана назваць грубым хуліганствам. У нас адразу былі пытанні па кваліфікацыі. Ёсць дзве праблемы: у іх абсалютна не было хуліганскага матыву, а свае ўласныя матывы. З іншага боку зразумела, што ў Беларусі не працуюць прававыя механізмы, абмежаваная свабода слова, выказаць нязгоду з тым, што адбываецца, вельмі складана. Часам людзі даходзяць да адчаю і мусяць выказваць гэта ў такой не вельмі добрай, але ўсё ж форме», – адзначыла праваабаронца.

У той жа час міліцыянты не шукаюць тых, хто стварае надпісы з нецэнзурнымі словамі ці малюе нацысцкую сімволіку. У выпадку ж графіці «Беларусь мае быць беларускай» была відавочная цікавасць да грамадскай актыўнасці аўтараў, бо іхныя малюнкі зʼявіліся ў сацыяльных сетках і шмат каму спадабаліся, мяркуе спадарыня Лойка. У выніку міліцыянты пачалі шукаць аўтараў, каб іх спыніць. «Я думаю, гэта была асноўная мэта ўсёй крымінальнай справы», – адзначыла праваабаронца.

11 жніўня 2015 года міліцыянты жорстка затрымалі Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава, але пасля грамадскага розгаласу вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Хлопцы зрабілі на плоце каля будынку па зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі па вул. Лынькова у Менску графіці: «Беларусь мае быць беларускай», «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…» Графіцістаў вінавацяць, што яны таксама запэцкалі фарбай білборд з выявай працаўнікоў міліцыі на вул. Гарэцкага.

Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму прадявілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў» за нанясенне беларускамоўных графіці і забруджванне білборду. Ім пагражае абмежаванне свабоды да трох гадоў ці пазбаўленне волі да 6 гадоў. Вячаславу Касінераву інкрымінуюць арт. 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», пакаранне за які прадугледжвае грамадскія працы, штраф ці арышт.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў