«Працягнутая рука засталася пустой». Дэлегацыя Еўрапарламенту знянацку адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі


26 лютага ў Палаце прадстаўнікоў мелася адбыцца сустрэча дэлегацыі Еўрапарламенту з беларускімі дэпутатамі. Але літаральна за 15 хвілінаў да пачатку сустрэчы еўрапейскі бок яе адмяніў, паведаміў старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты Андрэй Савіных.

«Сустрэча з дэлегацыяй Еўрапарламенту не адбудзецца па віне еўрапейскага боку. Мы былі гатовыя да дыялогу ў кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцяў у беларускай вонкавай палітыцы. На жаль, сёння наша працягнутая рука засталася пустой. Ну што ж, мы ў любым выпадку працягнем адкрытую палітыку. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь нашы еўрапейскія партнёры зразумеюць значнасць і каштоўнасць такога падыходу», – паведаміў Андрэй Савіных.

Паводле БелаПАН, беларускі бок даведаўся пра адмену сустрэчы за 15 хвілінаў да яе пачатку.

Дэлегацыя Еўрапарламенту прыехала ў Менск 24 лютага. У яе ўваходзяць намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Візіт будзе доўжыцца да 28 лютага. Цягам чатырох дзён новаабраныя сябры бюро Еўрапарламенту ў справах Беларусі маюць азнаёміцца з асноўнымі аспектамі дачыненняў паміж Еўразвязам і Беларуссю.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў