Працяг суду над Фядынічам і Комлікам: аператыўнік ДФР даў паказанні па Skype


Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

У судзе Савецкага раёна Менску працягваюцца слуханні па «справе прафсаюзаў»: сёння паказанні даў супрацоўнік ДФР Сяргей Дзмітрыеў і былі вывучаныя некаторыя пісьмовыя матэрыялы справы.

Раней суд азнаёміўся толькі з матэрыяламі 1-га тому, а ўсяго іх 11. Як адзначыла ў каментары belsat.eu адвакатка Фядыніча Наталля Мацкевіч, цяжка прагназаваць, калі працэс дойдзе да этапу паказанняў абвінавачаных.

На пачатку паседжання павінны былі дапытаць супрацоўніка УДФР КДК па Менскай вобласці Дзмітрыева. Генадзь Фядыніч хадайнічаў, каб яго дапыталі візуальна, а не віртуальна.

«Яму тут нічога не пагражае, і яго блізкім таксама, мы не арганізаваная злачынная групоўка, а людзі Беларусі» – сказаў Фядыніч.

Адвакаты абвінавачаных гэтую просьбу падтрымалі, пракурор запратэставаў. У выніку суддзя Фёдарава хадайніцтва не задаволіла і Дзмітрыева дапыталі па скайпе. Прычына – Дзмітрыеў займаецца аператыўна-вышуковай дзейнасцю.

Таксама суд адхіліў хадайніцтва Ігара Комліка аб пераносе працэсу ў большую залу з кандыцыянерам і аб спыненні відэазапісу людзей, якія прыходзяць на паседжанне. Апошняе – «не ў кампетэнцыі суда».

Аператыўнік ДФР Дзмітрыеў кажа, што яму вядома аб адкрыцці Фядынічам рахункіу ў SEB банку ў Літве ў 2012 годзе. На рахунак нібыта паступілі 140 тысяч еўра і 17 тысяч долараў. Сродкі паступалі ад прафсаюза ZF штомесяц. Потым грошы здымаліся і перавозіліся рознымі асобамі па 5 тысяч, а Комлік і Фядыніч іх забіралі ўжо ў Беларусі.

Сведка паведамляе, што з 2011 года Фядыніч больш за 160 разоў перасякаў мяжу. Кажа пра тое, што грошы вывозіліся нібыта для прафсаюзнай дзейнасці, а на самай справе выкарыстоўваліся ў асабістых мэтах.

Адвакаты пытаюцца: «Была атрыманая выпіска банка ў выніку аператыўна-вышуковай дзейнасці?». Сведка кажа, што гэта таямніца.

Сведка не памятае, калі дакладна быў адкрыты рахунак у Літве. На пытанне адвакатаў, ці памятае ён рэквізіты прафсаюзу з банкаўскай выпіскі, Дзмітрыеў адказаць не можа. Ён гэтак жа адмаўляецца ўдакладніць, у якіх дазнавальных і працэсуальных мерапрыемствах ён удзельнічаў.

Сведка тлумачыць суду, што інфармацыю знайшлі падчас ператрусаў, а перапіску ўзялі з электроннай пошты РЭП. На пытанне, як атрымалі выпіску з банку – нічога не кажа. Абаронцы пытаюцца пра тое, як была атрымана інфармацыя аб паштовай скрыні. Адказвае, што ў выніку аператыўна-вышуковай дзейнасці. А частку лістоў вынялі з камп’ютара Комліка, які карыстаўся гэтай скрыняй. Дзмітрыеў кажа, што знойдзеныя ў скрыні дакументы з літоўскай мовы на расейскую перакладалі «асобы, якія садзейнічалі» следству.

Фядыніч пытаецца:

– Сведкі ў судзе скардзіліся на ціск і запалохванні з боку следчых. Ці было такое?«

– Не, у ДФР так не робяць.

– Вы кажаце, што я марнаваў грошы на асабістыя мэты?

– Гэта вынікі аператыўна-вышуковай дзейнасці.

– Куды я выдаткаваў грошы, якія нібыта прысвоіў?

– Вам лепш відаць…

Адваката адзначаюць, што паміж ранейшымі паказаннямі Дзмітрыева і сённяшнімі ёсць супярэчнасці. Супрацоўнік ДФР не можа адназначна сказаць, якім чынам быў атрыманы доступ да электроннай скрыні.

З папер УДФР, якія агучваюцца на судзе, вынікае, што сродкі, якія паступалі на рахунак прафсаюзу, прызнаныя бязвыплатнай замежнай дапамогай. Супрацоўнікі УДФР гэтыя матэрыялы накіроўвалі ў падатковую інспекцыю для разліку пені за несвоечасовую выплату падатку.

***

Суд па «справе прафсаюзаў» распачаўся 30 ліпеня. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у офісе РЭП 2 жніўня 2017 году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы. Комліка і Фядыніча затрымалі, у іх дома таксама прайшлі ператрусы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе на наступны дзень, а Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай да 2 кастрычніка 2017 году.

Следства па справе доўжылася амаль год. За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюзу РЭП. Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

KA, belsat.eu, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары