Праціўнікі будоўлі акумулятарнага заводу пад Берасцем задумаліся пра мясцовы рэферэндум

ВІДЭА

Людзі збіраюць подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Ужо 34 тысячы подпісаў сабрана супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасцем. Жыхары гораду і бліжэйшых тэрыторый апасаюцца патэнцыйна небяспечных выкідаў, а ўлады не бачаць у гэтым праблемы, і адказваюць берасцейцам, што завод будзе пабудаваны.

На зварот людзей у Берасцейскі гарвыканкам з патрабаваннем, каб на тэрыторыі гораду была арганізаваная сустрэча з прадстаўнікамі раённых, гарадскіх і абласных уладаў з мэтай абмеркаваць сітуацыю вакол пабудовы заводу, быў атрыманы адмоўны адказ. Таксама вялікая група неабыякавых асобаў звярталася ў Берасцейскі аблвыканкам з рознымі прапановамі, у прыватнасці прапаноўвалі спыніць будоўлю. Аблвыканкам адказаў, што для гэтага няма ніякіх падставаў.

Ход кампаніі супраць будоўлі заводу Belsat.eu пракаментаваў праваабаронца Раман Кісляк.

«Я лічу, што грамадскае абмеркаванне праведзенае не належным чынам, жыхары Берасця наагул былі выключаныя з гэтага працэсу, у іх не было ніякай магчымасці даведацца пра гэтае будаўніцтва, а жыхары Берасцейскага раёну былі такім чынам праінфармаваныя, што яны даведаліся толькі пасля пачатку будаўніцтва. Я думаю, што мы адстаім нашае права на чыстае навакольнае асяроддзе і не дазволім з’явіцца гэтаму заводу».

Зараз ініцыятыўныя групы пішуць лісты ў розныя інстанцыі, рыхтуюць зварот у адміністрацыю Лукашэнкі і працягваюць збіраць подпісы. А некаторыя групы грамадзянаў ставяць сваёй мэтай арганізацыю мясцовага рэферэндуму, на якім прапануецца вырашыць, ці трэба Берасцю падобная вытворчасць. Але механізмаў, як гэтага дамагчыся актывісты пакуль не вынайшлі. Нагадаем, што прэцэдэнтаў з мясцовымі рэферэндумамі ў Беларусі пакуль не было.

А ўчора мелася адбыцца сустрэча галоўнага санітарнага лекара Берасцейскай вобласці Генадзя Радчанка з выбарнікамі. Чыноўнік ідзе кандыдатам у дэпутаты па акрузе, якой наўпрост пагражае будаўніцтва заводу, але даведаўшыся, што на сустрэчу прыйдуць грамадзяне, якія будуць задаваць пытанні датычна заводу, Генадзь Радчанка на сустрэчы не зʼявіўся.

Берасцейцы супраць заводу. Сюжэт «Аб’ектыву» за 6 снежня

ЦЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары