Праціўнікі будоўлі акумулятарнага заводу пад Берасцем дайшлі да Лукашэнкі


Сёння амаль 37 тысячаў подпісаў перадалі ў адміністрацыю кіраўніка краіны, супраць заводу свой подпіс паставіў кожны дзясяты жыхар Берасця.

Усяго ў адміністрацыю Лукашэнкі перадалі 36809 подпісаў. Па тое, чаго дамагаюцца людзі, Belsat.eu распавёў праваабаронца Раман Кісляк:

«Актывісты звярталіся да мясцовых уладаў, але не былі там пачутыя. Да прыкладу, берасцейскі аблвыканкам адказаў, што ўсё законна, што вымусіла людзей, звернуцца ў адміністрацыю кіраўніка краіны. Берасцейцы патрабуюць прыпынення будаўніцтва акумулятарнага заводу, правядзення экалагічнай экспертызы і грамадскіх слуханняў. Актывісты выкарыстоўваюць усе магчымасці для прыпынення будаўніцтва ці ўвогуле закрыцця гэтага заводу. І адміністрацыя Лукашэнкі – гэта далёка не апошняя інстанцыя».

Паводле праваабаронцы, у суд ужо падалі пазоў супраць кампаніі «iPower» (якая будуе завод), будуць яшчэ скаргі, да прыкладу, на дзеянні берасцейскага райвыканкаму.

А некаторыя актывісты плануюць абмеркаваць праблемы звязаныя з пабудовай акумулятарнага заводу ў бліжэйшыя выходныя на цэнтральнай плошчы Берасця. Учора за такі намер пракурорскае папярэджанне атрымаў актывіст АГП Аляксандр Кабанаў, а сёння падобнае папярэджанне, але ўжо ад пракуратуры Берасця атрымаў і блогер Сяргей Пятрухін.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў