Праціўніка акумулятарнага заводу Змітра Бекалюка змясцілі ў ізалятар


Актывіст Зміцер Бекалюк. Фота – «Белсат»

27 красавіка невядомыя затрымалі аднаго з лідараў пратэсту супраць запуску акумулятарнага заводу Змітра Бекалюка. Спачатку міліцыянты адмаўлялі, што актывіст знаходзіцца ў іх. Пазней стала вядома, што ён у ІЧУ. Яго будуць судзіць у панядзелак.

«Яго затрымалі трое ў цывільным адзенні каля дому, калі Дзмітрый вяртаўся з сынам з крамы на роварах. Зараз жонка Бекалюка не можа яго знайсці, патэлефанавала ва ўсе РАУСы, там адказваюць, што Дзмітрыя ў іх няма. З пункту гледжання міжнароднага права гэта – гвалтоўнае знікненне», – заявіў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

Абноўлена. А 17:00 Раман Кісляк пацвердзіў Белсату, што актывіст знайшоўся.

«Раман Бекалюк знайшоўся, ён знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС. У панядзелак яго даставяць у суд», – сказаў Кісляк.

У Берасці працягваецца пераслед праціўнікаў акумулятарнага заводу. Цягам усяго тыдня ў судах разглядаліся справы ўдзельнікаў акцыяў супраць яго будаўніцтва – дванаццаць чалавек атрымалі штрафы на агульную суму Br 6375.

Нйбольш жорстка ўлады караюць журналістаў: чарговы штраф у памеры Br 2550 атрымалі за супрацу з «Белсатам» Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.

24 красавіка суддзя Ленінскага суду Берасця Аляксандр Сямянчук асудзіў журналістаў на 50 базавых велічыняў (Br 1275) кожнага па артыкуле 22.9 КаАП РБ (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Ляўчука і Харытонаву асудзілі за асвятленне традыцыйнай нядзельная акцыі супраць акумулятарнага заводу.

«Улады робяць, каб мы перасталі асвятляць пратэст супраць акумулятарнага заводу, кожнае наша з’яўленне на плошчы ў нядзелю адгукаецца вялікім штрафам. Безумоўна такія дзеянні ўлады супраць нас можна назваць ціскам і рэпрэсіямі, якія фактычна не спыняюцца са жніўня 2018 году», – сказаў «Белсату» Алесь Ляўчук.

ХВ

Глядзі таксама
Каментары