Аляксандр Фядута Пашана вар’яту

паліткансультант

Мяне ўражвае аптымізм Віктара Пракапені. Вось ёсць жа людзі, перакананыя, што аўтарытарная сістэма не перашкаджае пабудове ўтопіі ў асобна ўзятай галіне! І Віктар Міхайлавіч – адзін з іх. Калі б ён нарадзіўся ў Францыі – быў бы графам Сэн-Сымонам. Але ён жыве ў Беларусі – і, магчыма, таму ад яго ўтопіі цягне пахам поту ад занадта доўгага хаджэння па калідорах улады.

Пракапеня, калі выйшаў з залы чарговай нарады па развіцці IT-адукацыі, палічыў сябе абавязаным падзяліцца ўражаннямі, атрыманымі падчас размовы з моцнымі свету гэтага. Не, ён не разліваецца ў кампліментах; Пракапеня наагул занадта разумны, каб публічна пісаць і казаць відавочнае глупства. Але адміністрацыйнае захапленне дае аб сабе знаць.

Такім чынам, да чаго ж яны там дамовіліся?

«Перавучыцца для ІТ – шанец у рэгіёнах атрымаць працу з высокай зарплатай. Не ў кожнага ёсць сродкі на навучанне, не кожны рызыкне ўзяць крэдыт на курсы пад высокія працэнты. Таму прэзідэнт падтрымаў ідэю ІТ-крэдыту:

Кожны беларус за кошт сродкаў ПВТ на 5 гадоў можа атрымаць беспрацэнтны рублёвы крэдыт на навучанне для працы ў эканоміцы ведаў. Сума дамовы папярэдне – да 6000 BYR.

Адтэрміноўка плацяжа – на 2 гады, затым крэдыт гасіцца роўнымі долямі на працягу наступных 3 гадоў. Паўторны крэдыт пасля вяртання першага абмяркоўваецца.

Кандыдаты звяртаюцца ў пул курсаў, праходзяць адбор, выбіраюць курсы і з дамовай на навучанне звяртаюцца ў банк. Банкі пасля адабрэння сумы звяртаюцца па кампенсацыю крэдыту ў фонд ПВТ і выдаюць яго кандыдатам».

«Ад азоў да электроннага ўраду». Лукашэнку даклалі аб развіцці IT

Ну, і далей: «Мы хочам крэдытаваць 30 000+ чалавек у год. А ці трэба столькі рынку? Недахоп кадраў у ІТ-кампаніях ва ўсім свеце – дзясяткі мільёнаў. Спрашчу, але, па-першае, дэвайсаў усё больш – хто будзе ствараць прадукты для іх? Па-другое, у прадуктовых кампаніях праграмістаў усяго 10%, астатнія 90% не-праграмісты. Маркетолагі. Менеджары. Піяршчыкі. Юрысты. У будучыні спатрэбяцца спецыялісты па AI, блокчэйну, машыннаму навучанню, кампутарнаму зроку, AR, спецыялісты па аптымізацыі алгарытмаў машыннага навучання. Тыя, хто прыдумляе карысныя для свету прадукты з улікам разумных тэхналогіяў».

Адукацыйны рай імя Радзівона Рачкова – памятаеце такога персанажа ў аскараносным фільме «Масква слязам не верыць»? Ну, той, які пераконваў нас, што праз дваццаць гадоў нічога не будзе, будзе суцэльнае тэлебачанне. Вось, выпускнікоў сельскіх школ і школ у малых гарадах паспрабуюць «завастрыць» пад патрэбы IT-тэхналогій. Вядома, лепшых. Прамысловваму, аграрнаму і сацыяльнаму сектару дастануцца, трэба меркаваць, тыя, хто не будзе ахоплены пракапенеўскай адукацыйнай мадэллю: інжынеры, аграномы, настаўнікі і лекары будуць рыхтавацца з менш якаснай «сыравіны». Чаму? Таму што крэдыты на іх адукацыю будуць не такімі льготнымі.

Віктар Пракапеня і Дзяніс Філазафовіч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

А любая адукацыя каштуе грошай. Вось, Пракапеня з Янчэўскім – і, дарэчы, Гуцырыевым, прашу памятаць і пра яго! – дабеглі да кабінета кіраўніка дзяржавы і пераканалі, што гэта – трэба. Міністры, якія курыруюць іншыя галіны, такую ​​карцінку разгарнуць не могуць, а таму ім даводзіцца некалькі цяжэй.

Ну, вядома ж, вырашыць задачу без мадэрнізацыі сістэмы адукацыі немагчыма. На гэта ўвагу кіраўніка дзяржавы таксама звярнулі, і ён зрабіў высновы: «Прэзідэнт падкрэсліў, што ў адукацыі бардак, і, калі гэта не будзе выпраўлена, то хутка ў міністэрства адукацыі будзе новы міністр. Прэзідэнт пацвердзіў, што адукацыі будзе надавацца самая пільная ўвага і плануецца правядзенне яшчэ як мінімум адной нарады па гэтым пытанні».

Саід Гуцэрыеў і Віктар Пракапеня

Оба-на! І Ігару Карпенка дасталася! За бардак. Як калі б ён на працягу апошніх пяці гадоў настойваў на змене распарадку працы ў школе (з васьмі ці дзевяці гадзін, пяць ці шэсць дзён у тыдзень працуе школа), на пастаянным пераглядзе праграмаў школьных курсаў (хто там у нас пра засілле кольчатых чарвякоў у падручніку біялогіі публічна размаўляў?). Гэта значыць, у тым, што рэальна ўяўляе сабой бардак у адукацыі, вінаваты ён? І ён жа загружае настаўнікаў працай у выбарчых камісіях, бясконцым запаўненнем папер і г.д.? Ён усё гэта прыдумляе і ўкараняе? Прабачце, не веру. Занадта добры чыноўнік Карпенка, гэта і загубіла яго рэпутацыю, а цяпер губіць і кар’еру. Замест таго, каб рэфармаваць сістэму, Пракапеня зʼесць міністра. Нічога не зробіш – іх пытанні.

Тэхналогіі віртуальнай рэальнасці можна эфектыўна выкарыстоўваць у навучальным працэсе. Фота Taisiya Vorontsova / TASS / Форум

Вядома, ёсць яшчэ адзін момант, за які Віктар Міхайлавіч заслугоўвае павагі: «Падняць настаўнікам зарплату: сярэдні заробак настаўніка 886 руб. Сярэдні заробак у краіне 1117 руб. Трэба $ 186 млн у год, каб падняць заробак настаўнікаў да сярэдняй у краіне. Паводле сусветнага досведа – як толькі заробак настаўніка параўноўваецца з сярэднім, сістэма адукацыі якасна мяняецца».

Выдатна! Грошы ў маштабах краіны невялікія. Але ў каго іх узяць? Праграмісты скінуцца? Ці нарэшце ў АМАПа адбяруць? Увогуле, адказ на гэтае пытанне мы чакаем з асаблівай увагай.

Не, не палічыце, што мы супраць пабудовы «Горада Сонца» ў рамках Парка Высокіх Тэхналогіяў. Мы за. Гэта якраз той выпадак, пра які пісаў Беранжэ:

Спадары, калі да праўды святой

Свет дарогі знайсці не сумее,

Пашана вар’яту, які навее

Чалавецтву сон залаты!

Займаючыся пабудовай то рынкавага сацыялізму, то Астравецкай АЭС, мыкаючыся ў пошуках уласнага шляху, беларускія ўлады так і не здолелі знайсці дарогі да святой праўды. І вось зʼявіўся IT-прарок у асобе Віктара Пракапені, які здолеў навеяць ім сон залаты. Той самы, аб усеагульным тэлебачанні, у часы якога Аляксандру Рыгоравічу прыйдзецца яшчэ некаторы час пажыць.

IT-універсітэт налета мае прыняць 180 студэнтаў

Праўда, цытата з Беранжэ, прыведзеная намі вышэй, большасці чытачоў вядомая з п’есы Максіма Горкага «На дне». І сканчаецца пʼеса сумна: Актор, які цытуе раней гэтыя вершы з такім натхненнем, вешаецца на пустцы ад расчаравання.

Жывіце доўга, Віктар Міхайлавіч. Але расчаравацца давядзецца і Вам.

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары