Праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасці пакаралі штрафам


Канстанцін Астапук. Фота belsat.eu

Актывіста «Свінцовай варты» супраць працы акумулятарнага заводу ў Берасці Канстанціна Астапука 14 кастрычніка аштрафаваў на 30 базавых велічыняў старшыня суда Берасцейскага раёну Сяргей Маручык. Астапука абвінавацілі ва ўдзеле ў масавым несанкцыяваным мерапрыемстве і скандаванні лозунгаў«Не заводу АКБ » і «Жыве Беларусь» (23.34 КаАП РБ).

«Я думаю, рашэнне даць мне такі вялікі штраф ідзе зверху. Цікава, што яшчэ да суда адзін праўладавы блогер назваў мне дакладны памер штрафу. Таксама адзначу, што падчас усяго адміністратыўнага працэсу і суда неаднаразова парушаліся мае правы. Галоўнае іхная мэта зрабіць так, каб мы не збіраліся каля заводу і на плошчы Леніна», – сказаў «Белсату» Канстанцін Астапук.

Нагодаю для несанкцыянаванай акцыі стаў інцыдэнт, які адбыўся 15 жніўня. Каля акумулятарнага заводу на актывістку «Свінцовай варты» Марыю Галалюк напаў мужчына, які ўдарыў яе, у выніку ў жанчыны дыягназавалі строс мозгу. Пасля інцыдэнту актывісты пачалі збірацца каля заводу, міліцыя палічыла, што гэта было несанкцыянаванае масавае мерапыремства.

Нападнікам на Марыю Галалюк апынуўся берасцеец Аляксандр Аўтуховіч, за свае дзеянні ад таго ж суддзі Маручыка 11 кастрычніка ён атрымаў штраф у 12 базавых велічыняў.

Суддзя Сяргей Маручык, які прысудзіў праціўніку заводу штаф на 765 рублёў, заўважаны ўжо не ў адным палітычным працэсе: ён судзіў фермера Бельчука, праціўнікаў заводу Віктара Мігалюка і Юлію Нічіпарук, журналістаў нашага тэлеканалу Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву.

СА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары