Праціўнік заводу АКБ у Берасці Дзмітрый Бекалюк: улады не гатовыя прыймаць рашэнні


Ініцыятыўную групу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці зноў запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі аблвыканкаму, яна адбылася 17 ліпеня і не прынесла рэальных вынікаў. Гэта была ўжо другая дыскусія прадстаўнікоў абласной улады і праціўнікаў запуску заводу, гэтым разам яна прайшла без удзелу кіраўніка вобласці Анатоля Ліса.

Паводле праціўнікаў заводу, з якімі паразмаўляў карэспандэнт belsat.eu, аблвыканкам заняў пазіцыю чакання да вынясення рашэння трэцяй экалагічнай экспертызы 19 ліпеня. Удзельнікі сустрэчы мяркуюць, што галоўнае пытанне, якое хвалюе прадстаўнікоў аблвыканкаму, гэта колькасць людзей, якія выходзяць у нядзелю карміць галубоў.

«Галоўны вынік перамоваў з абласнымі ўладамі наступны – мы давялі да іх звесткі, што дазвол будаўніцтва заводу ў прыгарадзе Берасця быў дадзены нягледзячы на рэпутацыю гэтага бізнесоўца. Ніхто не аналізаваў вытворчую дзейнасць Лемяшэўскага ў Ваўкавыску, Пінску і Белаазёрску. Улады не ацанілі ўсе магчымыя праблемы, звязаныя з будаўніцтвам заводу і поўнамаштабным кантролем за гэтаю вытворчасцю», – сказаў «Белсату» Дзмітрый Бекалюк, адзін з лідараў пратэставага руху супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Кожную нядзелю, на знак пратэсту супраць заводу АКБ, берасцейцы выходзяць карміць галубоў. Фота – «Белсат»

Дзмітрый прааналізаваў усе адказы, якія паступаюць на звароты ініцыятыўнай групы ў дзяржаўныя структуры, і бачыць поўную разгубленасць і бездапаможнасць асобаў, павінных прыняць рашэнне аб поўным закрыцці заводу.

«Поўны запуск заводу можа стварыць столькі праблемаў, што страшна нават падумаць, ёсць варыянты ўсё гэта спыніць, ёсць магчымасці выкарыстання пабудаваных вытворчых плошчаў – для гэтага трэба прыняцце рашэння дзяржаўнага ўзроўню. Прамаруджванне прыняцця рашэння аб заводзе можа толькі напаліць сітуацыю», – заявіў Бекалюк.

Цяпер берасцейскі завод АКБ не працуе. У мінулую нядзелю «карміць галубоў» у Берасці выйшлі каля 150 чалавек.

АС belsat.eu

Стужка навінаў