Міліцыянт раскрыў канал вярбоўкі ў ДНР і атрымаў тры гады


Былы працаўнік МУС з Горадні, Міхаіл Куцко, вярнуўся дадому на пачатку гэтага года. За кратамі ён правёў тры гады: больш за год у СІЗА, а рэшту ў калоніі № 3, больш вядомай як «Віцьба». Цяпер ён гатовы размаўляць: пра міліцыю, турму, калонію, страх, абставіны свайго арышту ды абарону правоў за кратамі.

Ці могуць пасадзіць міліцыянта адно паводле заявы, не падмацаванай доказамі? Як гэта – сутыкнуцца ў калоніі з тымі, каго ты сам лавіў на волі? Чаму метады КДБ прыжываюцца ў МУС і суседзі па кабінеце збіраюць інфармацыю адно на аднаго? Адказы на гэтыя пытанні ў вялікай размове Алеся Кіркевіча з Міхаілам Куцком.

Міхаіл Куцко. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вербаванне ў ДНР і парнаграфія

Якую пасаду ў МУС Вы займалі ды як выйшлі на тэму вербавання ў ДНР?

Апошняя мая пасада – оперупаўнаважаны ў справе наркакантролю ды супрацьдзеяння гандлю людзьмі ў крымінальнай міліцыі Ленінскага РАУС у Горадні. Званне – лейтэнант. Вёў так званую лінію нораваў.

У 2016-м да мяне трапіла аператыўная інфармацыя аб удзеле вайскоўцаў з в/ч 4121 у магчымым вербаванні саслужыўцаў для ўдзелу ў канфлікце на Данбасе на баку ДНР. Гэтую інфармацыю я даў на разгляд, мне даручылі правесці пэўныя дзеянні. Паралельна там была яшчэ адна інфармацыя – пра распаўсюд гэтай службовай асобай парнаграфіі.

Маёй задачай было сабраць інфармацыю ды перадаць у кампетэнтныя органы інфармацыю пра ДНР, а па лініі нораваў зарэгістраваць і правесці праверку самастойна. Усё гэта было зроблена. Аднак праз два дні недзе ўсё гэта скасавалі, як кажуць. Я зарэгістраваў першапачатковы факт праверкі, хоць пазней у МУС і казалі, што гэта фэйк.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Прозвішча вайскоўца памятаеце?

Сяброўскі, здаецца. Тры гады прайшло, нешта мог забыць… Па факце з парнаграфіяй быў адкрыты гэтак званы глушак. То бок нейкая нявысветленая асоба з акаўнту вайскоўца распаўсюдзіла парнаграфічныя матэрыялы. А інфармацыя пра вербаванне нібыта «не знайшла пацвярджэння».

А што цяпер з Сяброўскім?

На сённяшні момант мне невядома пра яго. А вось у дачыненні мяне літаральна праз 2–3 дні была праведзеная правакацыя працаўнікамі УУБ (Упраўлення ўнутранай бяспекі – аўт.).

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«У супадзенні я не веру»

Як гэта было? Што за правакацыя?

Да мяне падаслалі жанчыну, Алену Бялоцкую. Яна спрабавала схіліць мяне да атрымання грошай. Налічылі падчас судовага разбору 8–9 прапановаў з ейнага боку. Я адмаўляўся.

А з якой нагоды прапаноўвала?

Пра яе была інфармацыя таксама наконт распаўсюду парнаграфіі. Таксама была адкрытая крымінальная справа. Таксама спынілі справу: зноўку распаўсюдзіла «нявыяўленая асоба» з ейнага акаўнту. Маўляў, шмат людзей дадому прыходзіла і мела доступ да камп’ютара…

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мяне апраўдалі датычна часткі з ёй. Апраўдалі паводле добраахвотнай адмовы ад здзяйснення злачынства. Маўляў, намер узяць грошы я меў, але пасля з няясных прычынаў я адмовіўся і распавёў пра гэта начальству. Пазней у міліцыю звярнулася Наталля Капусцінская, маўляў, аналагічную, як і ў першым выпадку, суму, 400 долараў, я прыняў у яе 2 жніўня 2016 г. Яе да мяне нават не падсылалі, яна напісала заяву і ўсё.

То бок вы нават не знаёмыя былі?

Яна некалі рабіла фотасесію мне і маёй былой жонцы ў свой час. Але я з ёй не камунікаваў: не было з ёй ніводнага тэлефоннага злучэння ніколі. Яна нават сумы дакладна не памятала. Дала, маўляў, агулам 400 долараў: 250 долараў ды яшчэ нешта там у еўрах. Падчас суда я пытаўся: а як выглядаюць еўры? Якога колеру? Што намалявана? Яна нават адказаць не змагла. Блыталася ў крыніцах атрымання грошай. Сведкі таксама блыталіся. Ейны муж сказаў: 250 долараў і 150 еўраў. Ейны сябар, працаўнік міліцыі, казаў, што 500–550 долараў.

Гэтыя правакацыі Вы трактуеце як помсту за інфармацыю пра вербаванне ў ДНР?

Можна расцэньваць як захочаш, але я ў супадзенні не веру. Не бывае такога. Калі казаць пра тэорыю імавернасці, то імавернасць тут вельмі высокая.

Ані гуку, ані відэа, ані грошай – толькі словы

Як праходзілі суды?

Суд пачаўся ў верасні 2016 г. У першы ж дзень, бо прысутнічалі журналісты таго ж «Белсату», суд зрабілі закрытым. Матывавалі тым, што падчас судовага разгляду будуць агучвацца вынікі судова-вышуковай дзейнасці, але ў матэрыялах справы няма ніводнага такога матэрыялу: ані гуку, ані відэа, анічога.

Міхаіл Куцко. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Эпізод з Бялоцкай я цалкам разабраў і быў апраўданы. Пра Капусцінскую ў мяне была пазіцыя простая: калі я грошай не браў, то бараніцца толькі ад словаў адной асобы мне няма неабходнасці. Але дзяржаўны абвінаваўца ціснуў на тое, што на цвёрдым дыску службовага камп’ютара быў відэафайл прагляду старонкі Капусцінскай з парнаграфіяй у інтэрнэце. Маўляў, за гэта я і ўзяў грошы.

Быў канфіскаваны сістэмны блок, агледжаны, відэафайлаў з Капусцінскай выяўлена не было. Пазней, на даручэнне следчага, ужо ў рамках адкрытай справы ў красавіку 2017 г. працаўнік ГУУБ зноў вымае гэты сістэмны блок з удзелам аднаго панятога (мае быць два як мінімум) і знаходзіць відэафайл з Капусцінскай. Пра ўсе парушэнні я пісаў скаргі, а мне адказвалі, што парушэнняў не выяўлена, хоць я не разумею, як можна «не выявіць» аднаго панятога.

Мне далі тры гады. 10 студзеня 2020 г. па выніках разгляду майго пратэсту, за 10 дзён да майго вызвалення, справа была адпраўленая ў суд апеляцыйнай інстанцыі на новы разгляд у новым складзе. Вырак адменены як незаконны і неабгрунтаваны, даволі цікавы момант: праз тры гады, як выявілася, незаконна і неабгрунтавана…

Ілюстратыўнае фота belsat.eu

«Усе жывуць страхам, каб не было горш»

Вы ўвесь час пісалі скаргі цягам зняволення?

Так, увесь час. Але адправіць любую заяву ці скаргу з ПК-3 (папраўчая калонія № 3 – аўт.) – гэта вялікая праблема. Я магу назваць і прозвішчы асобаў, якія гэта могуць пацвердзіць: Вярэніч, Сарасека, Тулай, Русецкі, Казека і інш. Гэтыя асуджаныя могуць пацвердзіць, наколькі гэта цяжка.

То бок з калоніі скаргі не выходзяць?

Іх проста не прымаюць. А ў некаторых проста бяруць і змяняюць даты. Асуджаны Павел Казека накіроўваў заяву ў грамадзянскай справе. Падаў своечасова. Але дата была зафарбаваная і на 17 дзён выпраўленая. Так ён прапусціў тэрміны… Але калі нават цяпер зрабіць каліграфічную экспертызу, яна б на 100 % выявіла, хто там і што выправіў. Мяркую, што выправіў начальнік атраду.

Скаргі – справа сур’ёзная. Некаторыя гэтым і жывуць – тыя, хто змагаецца. Але змагаецца не так багата. Усе жывуць страхам, каб не было горш. Баяцца звяртацца ў СМІ. Кожны чакае «пракурорскага года», бо цягам года справу можна яшчэ перагледзець у бок пагаршэння – павышэння тэрміну. То бок нават у калоніі чалавек чакае год.

Hавiны
Міліцыянту, які выкрыў каналы вербавання ў ДНР, прысудзілі тры гады за хабар
2018.01.03 15:23

«Будзеш некаму дапамагаць – будзеш сядзець у ШІЗА»

Ці быў прэсінг персанальна ў Вашым дачыненні?

У гарадзенскай турме № 1 такога не было. Тут і звароты ішлі без праблемаў, якія я пісаў. З боку следчага – так. Гэта адзіны чалавек, які мог да мяне прыйсці і пагражаць, назваць тэрмін, хоць я быў яшчэ не асуджаны. Казаў, што толькі праз восем гадоў я выйду і буду яго вучыць працаваць. А я выйшаў – і зараз яго павучу, як весці крымінальны працэс.

Схілялі мяне агаварыць маіх калегаў, кіраўніцтва ўпраўлення наркакантролю. Мне інкрымінавалі, што мяне, маўляў, папярэдзіў нявысветлены працаўнік МУС, таму я і не ўзяў грошай. Прапаноўвалі заключыць дасудовае пагадненне, каб я агаварыў калегаў. Каб агаварыў Дзмітрыя Юраша – гэта быў старэйшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах упраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Маўляў, грошы я меўся перадаць яму.

Чалавек гэты ў выніку быў змушаны пакінуць Беларусь і цяпер у ЗША просіць палітычнага прытулку. Калі стала зразумела, што агаворваць я нікога не буду, справу накіравалі ў суд.

ВІДЭА
Лавіў педафілаў і дылераў – злавіў дачку суддзі. Падрабязнасці справы лейтэнанта Куцко
2017.01.25 06:00

Распавядзіце пра калонію больш падрабязна.

У калоніі я сутыкнуўся толькі з адной праблемай. Мяне адправілі ў прамысловую зону на швейнай вытворчасці. Нават паспеў адукацыю шаўца атрымаць, хоць не ўмею нітку ў вушка іголкі ўцягнуць. Такім чынам адымалі магчымасць пісаць, бо на прамысловую зону нельга браць матэрыялы справы, паперы, пісьмовыяпрылады. Час займалі.

Пазней я выйшаў на пэўны ўзровень напісання дакументаў, наглядных скаргаў іншым людзям, калі пачалі атрымліваць станоўчыя вынікі (адмены, перакваліфікацыі на больш мяккія выракі). Дапамог я прыкладна двум дзясяткам людзей. Тады ўжо да мяне выкарысталі «прафілактычныя мерапрыемствы». Выклікалі і кажуць: «Хочаш у ШІЗА (штрафным ізалятары – аўт.) пасядзець да званка?» Гэта 2 ліпеня летась было, за паўгода да вызвалення. Так і сказаў начальнік аператыўнага ўпраўлення Голубеў: «Будзеш некаму дапамагаць – будзеш сядзець у ШІЗА».

Пляваў я на такіх, як ён. Думаю, ён за жыццё ніводнага аператыўнага дзеяння не правёў, а бандытаў бачыў толькі сярод асуджаных ці па тэлевізары. Як дапамагаў, так і дапамагаў надалей. Ёсць 62-і артыкул Канстытуцыі, які забараняе абмяжоўваць прававую дапамогу грамадзянам. Я нават там быў у секцыі ўнутранага распарадку і абароны правоў асуджаных.

«Амаль кожны на кожнага даносіць. Раней у МУС такога не было…»

Каго сустракалі ў калоніі?

Былі людзі, якіх узялі за карупцыю. Былі наркаманы – нават тыя, каго я асабіста лавіў. У тэорыі так не павінна быць, каб мы перасякаліся, а на практыцы… Мне баяцца няма чаго. Праблемаў з гэтымі людзьмі ў мяне не было. Калі я затрымліваў раней людзей за захоўванне наркотыкаў – гэта бясспрэчны факт. Яны і не супраціўляліся ў гэтай частцы ніколі. Нават звярталіся, каб нешта глянуць, падказаць. Вядома, глянеш і падкажаш.

Супрацоўнікі АМАПу каля амбасады Расеі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стаўленне змянілася да тых, хто парушае закон?

Самае галоўнае – змянілася стаўленне да смяротнага пакарання. Цяпер стаўленне адмоўнае – жалезабетонна! Бо я ведаю, што памылку нельга выключыць – аніяк. А чалавека не вернеш. Калі служыў я, нават у 2015–2016 гг., не было такога, каб саджалі за карупцыю толькі са словаў. Доказы мелі быць! Аўдыя, хоць нешта… А цяпер нічога не трэба. Такіх людзей цяпер сядзіць багата: нават без грошай, то бок без прадмета хабару.

А да міліцыі змянілася стаўленне?

Працаўнікоў міліцыі сёння мне шкада. Злавацца на іх не магу дакладна. А шкада, бо кожны з іх рана ці позна можа трапіць у тую ж сітуацыю, што і я. Табе сёння ціснуць руку і кажуць: «Ты найлепшы!» – а заўтра паказваюць пальцам са словамі: «Мы заўжды ведалі, што ён лайно, але не ведалі, каму данесці». Гэта рэаліі. Магчыма, цяпер пры Караеве нешта змянілася, але пры Шуневічы было так.

Тыя працаўнікі, якіх садзілі ўжо пазней за мяне, з якімі даводзілася гутарыць, казалі, што цяпер зусім дзіка. Амаль кожны на кожнага даносіць. Гэта перацягнулі з КДБ, раней у МУС такога не было. Сядзім у адным кабінеце, а я збіраю інфармацыю на цябе, ты – на мяне. Вось і ўсё.

То бок метады КДБ перайшлі ў МУС?

Так, адназначна, я перакананы, што Шуневіч перанёс метады працы. Усе баяцца. Палова нязгоды з нечым – і ўсё! Баяцца згубіць заробак 500–600 долараў на месяц. А пасля тыя ж людзі ў 50 гадоў проста паміраюць, бо былі заціснутыя ўсё свядомае жыццё. Не вытрымліваюць. Такіх людзей, зразумела, шкада.

«Буду займацца абаронай правоў. Гэтага не стае»

Нагадайце, які Ваш статус цяпер?

Цікавая даволі сітуацыя, хіба першая за апошніх гадоў пяць. Я выйшаў у статусе абвінавачанага. У адносінах да мяне не ўступіў у сілу вырак, прызначаны перагляд, які адбудзецца 11 лютага. Будзем разбіраць сітуацыю. Крытэрыйпрэзідэнт усім задаў, маўляў, са словаў не судзіць ні ў якім разе. Вось і паглядзім, ці асудзяць мяне са словаў аднаго чалавека. Грошы, то бок хабар, ніадкуль не з’явяцца, бо яго не было. У мяне ёсць юрыдычная база маёй невінаватасці. Мяркую, што гэта будзе першы вырак за пяць гадоў, які сцвердзіць незаконнасць рашэння суда.

Будзеце змагацца за кампенсацыю?

Калі суд прыме рашэнне пра маю рэабілітацыю, апраўдае, то я маю права на кампенсацыю маральнай і маёмаснай шкоды. Але гэта пытанне ўжо пастфактум.

Чым збіраецеся надалей займацца?

Адназначна абаронай правоў. Сёння гэтага не стае. Прафесійныя адвакаты звязаныя ліцэнзіяй, залежныя ад дзяржавы. Баяцца распавесці канкрэтную справу, правапарушэнне, бо не хочуць псаваць адносінаў са следствам, пракуратурай, пазбавіцца ліцэнзіі. Але людзям ад гэтага не лягчэй. Быць добрым пасыльным (нешта родным перадаць, пераказаць) і рэальна дапамагчы – гэта розныя рэчы. Трэба не баяцца і працаваць якасна. Мне ёсць што распавесці, ёсць вопыт, якім я магу падзяліцца.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў