Працаўнікі «шэрага рынку» ў Беларусі зарабляюць па 300 еўраў на месяц


Аналітыкі ацанілі, колькі зарабляюць беларусы, занятыя ў ценявой эканоміцы.

У сярэднім атрымоўваецца па 294 еўраў на асобу. Пры гэтым такі працаўнік прысвячае сваёй ценявой дзейнасці 17 гадзінаў на тыдзень. Адпаведныя высновы змяшчае новая справаздача «Ценявая эканоміка Беларусі: прычыны, асаблівасці і выклікі» Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

Літоўцы, занятыя ў ценявой эканоміцы, зарабляюць менш – па 226 еўраў у месяц. Шведы – па 796 еўраў.

Суадносіны незарэгістраваных пакупак (тавары, якія прадаюць фактычна нелегальна) да ВУП у нашай краіне складаюць 4,9 %. Паводле вынікаў даследавання, часцей за ўсё грошы ў ценявой эканоміцы беларусы выдаткоўваюць на вопратку (46 %), прадукты харчавання (25 %), транспартныя паслугі (20 %).

Увогуле ценявая эканоміка ў Беларусі ацэньваецца ў $ 25-30 млрд – такія лічбы падчас прэзентацыі даследавання агучыў БелаПАН эканаміст Яраслаў Раманчук.

У даследаванні выкарыстоўваецца «вузкая» трактоўка тэрміна «ценявая эканоміка», якая ўключае рынкавую вытворчасць выключна законных тавараў і паслугаў, якія наўмысна хаваюцца ад дзяржаўных органаў.

Апытанне праводзілася даследчай кампаніяй «Sprinter Research» метадам «Computer Assisted Web Interview». Агульная выбарка склала 6035 рэспандэнтаў, выбарка па Беларусі – 1002 (18-75 гадоў, структураванне паводле полу, узросту і тыпу населеных пунктаў).

НМ, belsat.eu, паводле Belinstitute.eu

Стужка навінаў