Працаўнікі мазырскага лясгасу знайшлі сярод трупаў жывога шчанюка – і пайшлі ў пракуратуру


Кірыл Мельнічэнка разам са сваймі калегамі з Мазырскага лясгасу знайшлі ва ўтылізацыйнай яме сярод трупаў бяздомных сабакаў жывога шчанюка. Мужчыны ўпэўненыя: туды яго выкінулі адмыслова.

«Мы ўтылізавалі тушу дзіка на палігоне Праўцюкі. Там месцяцца магільныя ямы, у якія звозяць трупы жывёлін з усяго раёну. У асноўным гэта трупы сабакаў, якія прывозіць служба адлову. Мы адкрылі адну з ямаў, каб выкінуць дзіка, і памлелі: па трупах поўзаў і ледзь чутна скуголіў маленькі шчанюк», – распавядае Кірыл.

Кірыл кажа, што ўсе прысутныя перажылі сапраўдны шок ад убачанага. Але дастаць з ямы шчанюка мужчыны не змаглі: глыбіня студні большая за два метры, лесвіцы няма, а сцены бетонныя.

«Нам прыйшлося з’ехаць. Усю дарогу мы абмяркоўвалі ўбачанае. Работнікі ЖКГ страляюць у сабакаў адмысловымі іголкамі з атрутай, пасля таго, як тыя паміраюць, іх звозяць на палігон. Хутчэй за ўсё, шчанюка проста не дабілі і выкінулі разам з трупамі. Сышліся на тым, што трэба звяртацца да валанцёраў. Я патэлефанаваў у прытулак «Верныя сябры».

Ужо ўвечары пасля працы Кірыл прывёз кіраўніка прытулку Ірыну Неўмяржыцкую на палігон і жанчына дастала шчанюка з ямы.

«Ён вельмі аслаблены, у яго траўма пляча і страсенне галаўнога мозгу, вочкі праз удар залітыя крывёю і пакуль ён не бачыць, але ветэрынар абнадзеіў, што павінен паправіцца», – распавяла TUT.BY Ірына.

Пакуль сабака жыве ў Ірыны. Яна назвала яго Бімам.

Выратаваны шчанюк

А Кірыл напісаў заяву ў пракуратуру, патрабуючы прыцягнуць да адказнасці вінаватых у жорсткім абыходжанні з жывёлаю.

ЮВ, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў