Працаўнікам ПВТ і «Вялікага каменя» паднялі падаходны падатак. Раней улады давалі гарантыі, што гэтага не будзе


З 1 студзеня павысілі стаўкі падаходнага падатку для працаўнікоў кампаніяў-рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў, а таксама рэзідэнтаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Пра гэта піша TUT.by.

Падаткі паднялі з 9% да 13%, гэтыя змены прадугледжаны абноўленым Падатковым кодэксам. Павышаныя стаўкі падаткаў, як абяцаюць чыноўнікі, уводзяць на два гады – да 1 студзеня 2023-го. У Міністэрстве па падатках і зборах патлумачылі гэтыя захады неабходнасцю неабходнасцю кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19.

Раней прадстаўнікі ІТ-рынка, каментуючы магчымае павышэнне падаткаў, казалі, што «такія змены парушаць прынцып, які дзейнічае ў дачыненні да ПВТ на працягу апошніх 15 гадоў, а менавіта нязменнасць заканадаўства«.

Юрыст Дзяніс Алейнікаў, адзін з аўтараў «ПВТ 2.0», раней у каментары dev.by адзначаў:

«У адпаведнасці з пунктам 1 дэкрэту прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2017/12/21 № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» дзяржава гарантавала міжнароднай інвестыцыйнай і тэхналагічнай супольнасці, што спецыяльны прававы рэжым Парку высокіх тэхналогіяў (уключаючы падатковы) дзейнічае да 1 студзеня 2049 года. Стабільнасць рэжыму ПВТ на працягу доўгіх гадоў – гэта наша галоўная каштоўнасць. Гэтую каштоўнасць мы кавалі гадамі і не раз прадавалі замежным інвестарам. Гэта – рэпутацыя. Рэпутацыя, якая зрабіла ПВТ вядучым ІТ-кластарам Усходняй Еўропы. Падняць падаткі часова значыць страціць рэпутацыю назаўжды. Пра гэта павінна падумаць Міністэрства фінансаў».

Аднак таксама сярод прадстаўнікоў IT-галіны выказваліся меркаванні, што з улікам апошніх падзеяў у краіне сітуацыя ў сферы IT істотна не зменіцца.

«Ды ніяк гэта [на ІТ-галіны] не адаб’ецца. ІТ-бізнес і так ужо зʼязджае кавалкамі – ну, будзе крыху хутчэй зʼязджаць. Не ведаю, што тут каментаваць у бягучым навінным фоне – гэта ўсё роўна», – адзначаў Міхаіл Дубакоў, сузаснавальнік Targetprocess, СЕО Fibery.

Hавiны
У Беларусі ў 2021 годзе плануюць павысіць падаткі
2020.12.17 19:06

II belsat.eu

Стужка навінаў