Праца падчас каранціну. Паразмаўлялі з беларусамі, якія засталіся ў Еўропе


На асобных межах ЕЗ чэргі з грузавікоў расцягваюцца на дзясяткі кіламетраў.
Фота: Emica Elvedji / PIXSELL / Forum

Еўразвяз закрыў свае межы да сярэдзіны красавіка. Перамяшчэнне ўнутры ЕЗ таксама вельмі ўскладнілася. На тэрыторыі Італіі, Іспаніі, Францыі, Чэхіі, Польшчы і Літвы дзеюць надзвычайныя каранцінныя захады – закрылі практычна ўсё апроч крамаў, аптэкаў і банкаў. Алесь Дзянісаў паразмаўляў з беларусамі, якія не вярнуліся на радзіму і працягнулі працу ў часе каранціну.

Гарадзенец Зміцер Радзевіч – кіроўца-дальнабойнік. Ён працуе на фуры ўжо 15 гадоў, пару гадоў з якіх ездзіць выключна па Еўропе. На момант увядзення каранціну ў краінах Еўразвязу ён адпрацаваў толькі няпоўную палову свайго тэрміну, таму не меў ніякіх шанцаў вярнуцца дамоў. Цяпер ён захрас у Еўропе на нявызначаны час.

Зміцер Радзевіч

Зміцер, ты праехаў у сакавіку шмат еўрапейскіх краінаў. Якая атмасфера ў цэлым? Што кідаецца ў вочы найперш?

Я ўжо пабываў у Нямеччыне, Нідэрландах, Бельгіі, Люксембурзе, Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі… Пра агульную атмасферу я амаль што нічога не ведаю, бо маю кантакты толькі на працы. Яно і добра! А першае, што кідаецца ў вочы, – амаль пустыя аўтабаны. І найперш – вельмі мала легкавушак! А ў гарадах – адсутнасць людзей на вуліцах.

Я ведаю, што ты 2 дні быў у Брэшы, адным з цэнтраў распаўсюду каронавіруса ў Італіі. Што ўразіла?

Гораду амаль не бачыў, бо не выходзіў з базы, якая месціцца на ўскраіне. Па прадукты хадзіў мой калега з Украіны. З ягоных словаў, запускалі ў краму па адным пакупніку, а ў самім памяшканні павінна было быць не больш за 10 чалавек. Усе людзі ў масках і пальчатках. Перад крамай, натуральна, была чарга. Прыблізна 30–40 чалавек.

Ці адчуваецца паніка сярод насельніцтва?

Цяжка адказаць пра паніку. Трэба тут жыць. Але ў крамах заўважная адсутнасць прадуктаў. Учора ў Францыі заходзіў у гіпермаркет «Lidl». Пустыя паліцы. Прыблізна 30 % тавару. Не было нават хлеба! А алкаголю ўдосталь.

Чаргі пакупнікоў у паўднёвым Лондане пасля таго, як прэмʼер-міністр Борыс Джонсан загадаў закрыць пабы і рэстараны па ўсёй краіне.
Фота: Dominic Lipinski / PA Images / Forum

Межаў паміж краінамі ЕЗ няма. Ёсць нейкі медычны і эпідэміялагічны кантроль для кіроўцаў, якія прыязджаюць з іншых краінаў ЕЗ?

Не, нічога такога не сустракаў. Ніякага кантролю, толькі мераюць тэмпературу – і ўсё.

Калі, крый Божа, хтосьці з беларусаў-дальнабойнікаў захварэе, ён можа разлічваць на медычную дапамогу, як і грамадзяне ЕЗ?

Па шчырасці, не ведаю. Ніякіх інструкцыяў наконт гэтага я ад кіраўніцтва сваёй фірмы не атрымоўваў.

Пусты Марыенплац у Мюнхене, Нямеччына, 22 сакавіка.
Фота: Sachelle Babbar / Zuma Press / Forum

З 17 сакавіка ЕЗ закрыў межы на месяц. Каранцін можа працягнуцца, і ты, тэарэтычна, можаш застацца працаваць па-за межамі радзімы на нявызначаны час. Ёсць нейкая мяжа чалавечых магчымасцяў?

Можа, для каго і складана працаваць у такіх умовах, але не для мяне. Я працую так: чатыры тыдні на два. Раней працаваў шэсць тыдняў, і два – у хаце. А некаторыя хлопцы сядзяць па паўгода і нават больш. Фізічна я гатовы. Маральна, зразумела, складана. Жонка і дзве дачкі чакаюць у Горадні. Кожны дзень з імі стэлефаноўваемся. Малыя ўвесь час пытаюцца: калі ўжо, тата, ты вернешся? Супакойваю, што пастараюся хутчэй, але сам разумею, што пакуль нічога не вядома…

Hавiны
Дальнабойнік у Італіі: «Як у фільмах пра апакаліпсіс, бракуе толькі зомбі»
2020.03.18 12:55

Першае, што зробіш, калі вернешся на радзіму?

Я думаю, што ўжо на мяжы ў мяне возьмуць аналізы і пасадзяць на каранцін. А калі не, то спытаю ў прадстаўнікоў улады, што рабіць.

Працоўныя візы працягваюць на месцы

Ігар і Андрэй – гарадзенцы, якія амаль два гады працуюць на чэшскім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве ў малым мястэчку на паўднёвым захадзе ад гораду Плзэнь. На прадпрыемстве, акрамя чэхаў, працуе шмат украінцаў, а таксама каля дзясятка беларусаў.

Хлопцы, вы жывяце і працуеце ў малым мястэчку, можна сказаць, далёка ад цывілізацыі. Так разумею, каронавірусу цяжка да вас трапіць?

Сапраўды, з аднаго боку, мы жывем даволі ізалявана, далёка ад буйных гарадоў. З іншага боку, у нашага прадпрыемства шырокія гандлёвыя сувязі. У фірмы – свой аўтапарк. Фуры развозяць прадукцыю прадпрыемства па ўсёй Еўропе. Таму існуе рэальная пагроза, што вірус нам завязуць не з суседняга гораду, а, напрыклад, з Італіі.

Ігар і Андрэй

Як змянілася вашае жыццё ў сувязі з увядзеннем каранціну?

Адразу пасля ўвядзення надзвычайнага становішча кіраўніцтва правяло сустрэчу з усімі працаўнікамі, падрабязна патлумачыла пра пагрозу і як ад яе берагчыся. На коне – праца ўсяго прадпрыемства. Калі захварэе хаця б адзін чалавек, на каранцін перавядуць усіх рабочых, і праца прыпыніцца. У першую чаргу нас ізалявалі ад кіроўцаў грузавых аўтамабіляў. Напрыклад, ім паставілі асобныя мабільныя прыбіральні. Таксама кіроўцаў абавязалі насіць маскі. У астатнім у працы на прадпрыемстве фактычна нічога не змянілася. А вось па мястэчку проста так перасоўвацца забаронена. Дазваляецца выходзіць толькі па прадукты ці лекі, абавязкова ў масцы і пальчатках. У прынцыпе, тут і хадзіць няма куды, бо працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі. Тут ёсць пара-тройка пабаў і кавярняў, але яны ці зачыненыя, ці працуюць навынас. Так не толькі ў нас, але і ў цэлым па краіне.

На польска-чэшскай мяжы памежнікі правяраюць дакументы і тэмпературу ў кіроўцаў і пасажыраў аўтобусаў.
Фота: Jakub Morkowski / Forum

Напэўна, адбыўся спад вытворчасці, адток працаўнікоў на радзіму?

Працы пакуль што хапае, хаця аб’ёмы трохі ўпалі ў сувязі з тым, што прыпынілі сваю працу шматлікія прадпрыемствы па ўсёй Еўропе. Напрыклад, на 10 дзён пайшоў у вымушаны адпачынак адзін з найбуйнейшых чэшскіх заводаў – «Шкода». А адтоку фактычна не было. Чаму? Таму што людзі прыехалі працаваць. Што мы будзем рабіць у Беларусі? Тым больш, што Міністэрства замежных справаў Чэхіі аўтаматычна нам падоўжыла працоўныя візы. Мы тут застаемся афіцыйна, маем медычную страхоўку, так што, калі што… Але спадзяемся, што да гэтага не дойдзе.

Hавiны
«У супермаркеце баялася выдыхнуць на бабулю». Жыццё ў Мілане падчас каранціну вачыма беларускай айцішніцы
2020.03.20 20:48

Размаўляў Алесь Дзянісаў belsat.eu

Стужка навінаў