Пратэсты ў Грузіі. Генеральны пракурор падаў у адстаўку


Учора ў Тбілісі распачаліся пратэсты. Людзі выйшлі на вуліцы пасля таго, як суд часткова апраўдаў падлеткаў, якія забілі дваіх школьнікаў.

Бацька аднаго з забітых Заза Сарэлідзэ ініцыяваў мітынг. З хлопца, які браў удзел у забойстве ягонага сына Давіда Сарэлідзэ, знялі абвінавачванні. Заза лічыць, што пракуратура выгароджвае вінаватых у смерці Давіда, бо ў здарэнні ўдзельнічаў сын супрацоўніка Генеральнай пракуратуры Мірзы Субэліані. Ён з сынам праходзіць па справе ў якасці сведкі. Варта адзначыць, што Субэліані на другі дзень пасля інцыдэнту добраахвотна падаў у адстаўку. Але Сарэлідзэ лічыць, што Субэліані змог паўплываць на хаду следства.

На акцыю пратэсту ў цэнтры Тбілісі сабраліся некалькі тысячаў чалавек, у першых шэрагах пратэстоўцаў – Мака Чычуа, жонка прэзідэнта Грузіі.

Мітынгі прайшлі і ў іншых гарадах краіны, напрыклад, у Батумі і Поці.

Адно з патрабаванняў пратэстоўцаў – адстаўка Генеральнага пракурора Іраклія Шатадзэ. Генеральны пракурор прыняў гэтае патрабаванне.

«Я быў і застаюся з вамі побач. Як генеральны пракурор краіны і як бацька, мне не патрэбныя ані пасада, ані што-небудзь іншае коштам жыцця вашых дзяцей. Я хачу, каб вы ведалі, што я зрабіў усё, для таго каб вінаватыя панеслі пакаранне. Я веру, што гэты мой крок [адстаўка – belsat.eu] пераканае вас у тым, што тыя брудныя абвінавачванні, якія гучалі ў мой адрас, былі палітычнай расправай за тое, што мы прымусілі адказаць перад законам шматлікіх былых службовых асобаў«, – напісаў учора Іраклі Шатадзэ.

Пасля адстаўкі пракурора, пратэстоўцы высунулі новае патрабаванне – адстаўка ўраду.

Прэм’ер-міністр Грузіі Гіёргі Квірікашвілі чакае, калі пратэстоўцы дадуць яму выступіць з заявай.
Фота: REUTERS / Irakli Gedenidze / FORUM

Прэм’ер-міністр Грузіі Гіёргі Квірыкашвілі прыйшоў на мітынг, але яму не далі сказаць слова. У той жа вечар ён правёў брыфінг, дзе заявіў, што ў адстаўку сыходзіць ён не збіраецца.

«Як толькі я буду перакананы, што мая адстаўка пойдзе на карысць краіне і дапаможа палегчыць сітуацыю, я ні на секунду не задумаюся пра гэты крок. Яшчэ раз паўтару: для мяне галоўнае захаваць стабільнасць у краіне, і каб існуючыя ў грамадстве пытанні не засталіся без адказу», – сказаў Квірыкашвілі.

У той жа час ён адзначыў, што справа аб забойстве падлеткаў будзе яшчэ раз даследаваная і ён будзе ўважліва сачыць за працэсам.

Нягледзячы на ўсе захады ўраду, сёння пратэст працягнецца. Каля былога будынку парламенту ўжо ўсталявалі намёты. Плануецца, што на акцыю прыедуць людзі з розных рэгіёнаў краіны.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў