Пратэстоўцы ў Арменіі пачалі блакаваць дарогі


У пятніцу раніцай сотні актывістаў апазіцыйнага руху, які выступае супраць прэм’ерства Сержа Саргсяна, зноў выйшлі на вуліцы Ерэвана, каб перакрыць рух транспарту.

Пра гэта паведамляе Радыё Азатутюн.

Напярэдадні апазіцыйны дэпутат Нікал Пашынян, які ўзначальвае пратэсты, заклікаў да працягу акцыі грамадзянскага непадпарадкавання. Ён, у прыватнасці, заклікаў кіроўцаў грузавікоў перакрываць дарогі.

Між тым, паліцыя працягнула затрыманні пратэстоўцаў. Сёння раніцай на плошчы Рэспублікі ў Ерэване сілавікі затрымалі аднаго з лідараў руху «Адкінь Сержа» Давіда Санасаряна і яшчэ некалькі актывістаў.

17 красавіка, у дзень, калі парламент выбраў экс-прэзідэнта Сержа Саргсяна прэмʼер-міністрам, апазіцыянер Нікал Пашынян абвясціў аб пачатку бяскроўнай «аксамітнай» рэвалюцыі.

Нягледзячы на ​​заклікі з боку прадстаўнікоў улады аб тым, каб пачаць палітычны дыялог, на мітынгах апазіцыянеры працягваюць выступаць з патрабаваннем аб змене ўлады. Напярэдадні паліцыя затрымала 100 чалавек.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў