Пратэст у калгасе. Працаўнікі заступаюцца за звольненую даярку


Даяркі і іншыя працаўнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» абураныя дзеяннямі кіраўніцтва. Яны змагаюцца супраць «рэпрэсіўнага», як яны лічаць, звальнення калегі Таццяны Сямёнавай.

Аператар машыннага даення наконт свайго заробку сказала:

«Я такі заробак атрымлівала, хіба, тры гады таму. А цэны выраслі ўдвая, можа, больш. Таму раскідвацца такімі людзьмі, якія тут па 20 гадоў папрацавалі, неразумна».

Ганна Краснікава, якую звальнялі раней, адзначыла:

«Кожны дзень былі праверкі. Давялі мяне, што напісала заяву аб звальненні. Восем месяцаў не бралі на працу, але я ўжо напорам узяла. Працую. А дачку маю – тады яна працавала эканамістам – звольнілі і на працу не бяруць. Бяруць людзей без адукацыі і досведу, а яе не хочуць браць з-за мяне».

Жанчына раіць кіраўнікам больш па-чалавечаму ставіцца да людзей.


Супрацьстаянне пачалося яшчэ некалькі гадоў таму, калі некалькі даярак і аператар штучнага асемянення задалі «нязручныя пытанні» – спачатку кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемствам, а потым у вышэйстаячыя інстанцыі ад райвыканкаму да Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Рэжым працы даярак надзвчай напружаны – распавядаюць працаўніцы фермы. А 5 раніцы яны мусяць быць ужо на працы. Праз некалькі гадзінаў яны вяртаюцца дадому. А ўвечары ізноў ідуць на працу і вяртаюцца пасля 23 гадзіны.

За дадактовыя працоўныя дні ў святы ці на выходныя даяркі атрымліваюць мінімальныя даплаты. “Як можна патрабаваць ад чалавека прыйсці працаваць на святы, калі ведаеш, што яна атрымае за гэта 2 рублі”, – кажа адна з працаўніцаў.

У скаргах гаварылася пра немагчымасць прыватызаваць дамы ў вёсцы Крыўск па прымальных коштах, адсутнасці аплаты працы ў выходныя і святочныя дні, прэміяў, матэрыяльнай дапамогі, неналежныя ўмовы працы ды іншыя парушэнні заканадаўства.

Пачаліся праверкі, пасля якіх дырэктар КСУП «Крыўск» пакінуў сваю пасаду.

Ягонае месца заняў Аляксандр Ляйчонак, які трапіў у скандал, калі кіраваў прадпрыемствам «Беларуснафта-Асобіна». На відэа, выкладзеным у інтэрнэт, бачна, як вяліся справы на прадпрыемстве: дохлыя птушкі ляжаць па 5-6 дзён у трактарных прычэпах, вакол – бруд і смурод. Пасля з’яўлення відэа на кіраўніка завялі крымінальную справу, якую восенню перадалі ў пракуратуру, адкуль яна мелася пайсці ў суд. Але сляды Аляксандра Ляйчонка на пэўны час згубіліся, і вясной 2015 году ён узначаліў КСУП «Крыўск».

З ягоным прыходам пачалася контратака на тых, хто пісаў скаргі, кажуць працаўнікі «Крыўску». Дайшло да звальненняў – як у выпадку аператара штучнага асемянення Ганны Краснікавай, якая звярнулася ў суд.

Іншыя працаўнікі таксама звярталіся ў суд, патрабуючы прызнаць незаконнымі працоўныя дамовы, распарадак працы і службовыя інструкцыі.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў