Прастытутка – гэта калі з тваёй маўклівай згоды чыніцца злачынства

Гэта не істотна, з кім, дзе і як займалася Настасся Вашукевіч (Насця Рыбка), якая яна мама ці жонка, каго паспрабавала шантажаваць і ці з уласнае волі ды розуму/глупства тое рабіла. Ад моманту затрымання дзяўчыны, якая займела вядомасць праз сэкс-скандал з удзелам расейскага алігарха Дзерыпаскі і віцэ-прэм’ера РФ Прыходзькі, у транзітнай зоне Шарамеццева і да сёння самае істотнае – гэта тое, што Настасся Вашукевіч грамадзянка Беларусі. Як і затрыманы разам з ёю Аляксандр Кірылаў, ён жа арганізатар сэкс-трэнінгаў Алекс Лэслі.

Адным сказам: у маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева» расейскія паліцыянты затрымалі двух беларускіх грамадзянаў, якія ўсцяж застаюцца ў ізалятары.

Аляксандр Кірылаў. Фота Sergei Fadeichev/TASS
Анастасія Вашукевіч. Фота REUTERS/Tatyana Makeyeva

Нават калі паверыць у тое, што Вашукевіч і Кірылава скруцілі ў парушэнне міжнароднага заканадаўства на маскоўскім лётнішчы ў часе яе дэпартацыі на радзіму з Тайланду, выключна за «ўцягванне ў займанне прастытуцыяй групай асобаў, здзейсненае паводле папярэдняе змовы», а зусім не за тое, што сваімі шчыраваннямі легкадумная эскортніца Насця Рыбка дапамагла раскрыць таемныя сувязі перадвыбарчага штабу Трампа з Пуціным; нават калі ўявіць, што гэта нармальная практыка, калі ў Тайланд дзеля перамоваў з шараговай прастытуткай і яе сутэнёрам ляціць ажно сакратар Рады бяспекі і абароны РФ Патрушаў – нават тады застаюцца пытанні. І зусім не да расейскіх уладаў, якім Рыбка і Лэслі, натуральна, сядзяць у пячонках.

Меркаванні
Каго ловяць на «Рыбку»?
2019.01.20 16:28

Пытанні найперш – да ўладаў Беларусі. Якое б маральнае аблічча ні мелі затрыманыя ў Маскве Вашукевіч і Кірылаў, яны – грамадзяне Беларусі. То бок знаходзяцца пад аховай беларускай дзяржавы. Вось толькі ані амбасада нашай краіны ў Расеі, ані МЗС з заявамі адносна незаконнага затрымання грамадзянаў Беларусі вось ужо некальки дзён не выступае. Чаму маўчыш, беларуская дзяржава? Ауууу! Ці ты збіраешся бараніць сваіх грамадзянаў? Калі не, то навошта ты такая наагул патрэбная? І чаго ты маўчыш, беларуская дзяржава? Занадта моцна занятая «глыбіннай інтэграцыяй»? Расейская нафта даражэйшая за беларускіх грамадзянаў? Чым тады ты адрозніваешся ад працаўніцы ў сферы эскорт-паслугаў? І ці гэта не тое публічнае «нахіленне» Крамлём цябе і нас з табою, якога ты гэтак часта пазбягаеш на словах? Колькі ў табе яшчэ засталося суверэнітэту?

І яшчэ адзін момант. Кожны з нас чуў пра тое, як стаяць адзін за аднаго каўказцы. Менавіта таму мець з імі справу звычайна не рызыкуюць тыя, хто можа толькі хапаць безабаронных дзяўчын на лётнішчы або разганяць пенсіянераў і падлеткаў на мітынгах. Дык а мы, беларусы, за сваіх пастаяць можам? Хай многія і асуджаюць тое, чым займаліся Рыбка і Лэслі, але можа справамі беларусаў будуць займацца ўсё-ткі не расейцы, а беларусы?

ВІДЭА
Насцю Рыбку затрымалі яшчэ на тры дні
2019.01.19 18:36

Валера Руселік, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў