Прапаршчык, які здымаў грошы з карткі Коржыча, папрасіў прабачэння ў ягонай маці


Артур Вірбал. Фота з сацыяльных сетак

31 жніўня на працэсе ў справе аб смерці Аляксандра Коржыча ў Менскім абласным судзе дапыталі ягонага былога камандзіра прапаршчыка Артура Вірбала. Ён праходзіць у справе як сведка.

Артура Вірбала затрымалі ў Печах адным з першых у кастрычніку 2017 году. Пачаткова яго абвінавачвалі ў махлярстве, пазней справу вылучылі ў асобнае праводжанне, падае «Радыё Свабода». Вірбала абвінавачваюць у злоўжыванні ўладай.

У судзе прапаршчык распавёў, што летась у ліпені ён «меў патрэбу ў грашах».

«Папрасіў пазычыць мне сяржанта Бараноўскага. Ён сказаў, што сам ня мае грошай, але паспрабуе знайсьці. Празь нейкі час прывёў да мяне Коржыча. Коржыч сказаў, што можа мне пазычыць грошай, але просіць таксама для яго зьняць грошы ў банкамаце. Я пагадзіўся», – распавёў Вірбал.

Паводле Вірбала, картка ў яго была тыдзень і ён скарыстаўся ёю двойчы: спачатку набыў зь яе дапамогай для сябе прадукты ў краме, потым выплаціў з банкамату Br 20 – для самога Коржыча. Ён быў вінен Коржычу 45 рублёў – і усё вярнуў 6 жніўня. Прапаршчык дадаў, што яму сорамна за тое, што скарыстаўся грашамі падначаленага.

«Мне сорамна, што я ўлез у гэтую справу, – сказаў Вірбал маці Аляксандра Коржыча Сьвятлане. – Хачу перад вамі папрасіць прабачэння. Прабачце, калі я вам прычыніў шкоду. Мне сорамна. Але я ня здзейсніў нічога крымінальнага. Проста дапусціў памылку».

Вірбал нічога не распавёў пра «дзедаўшчыну»: паводле ягоных словаў, сяржанты пры ім жаўнераў не білі, маглі толькі падвысіць голас.

Вірбал адказваў у роце за тое, каб жаўнеры былі забяспечаныя ўсім неабходным, суправаджаў іх у сталовую, кантраляваў там парадак, здзяйсняў ранішні агляд, піша партал «vBorisove». На судзе Вірбал заявіў, што быў у добрых стасунках з усімі саслужыўцамі і стараўся ўсім дапамагаць.

Суд па факце гібелі шараговага Аляксандра Коржыча распачаўся 8 жніўня. У атрыманні хабару і злоўжыванні ўладаю абвінавачваюць траіх сяржантаў. Пацярпелымі ў справе праходзяць 22 жаўнеры, якія зведалі дзедаўшчыну ў «вучэбцы». Паводле пракурора і паказанняў пацярпелых, сяржанты неаднаразова ўжывалі фізічны гвалт супраць сваіх падначаленых, вымагалі грошы, прымушалі іх набываць рэчы ў краме, маральна здзекаваліся.

ДД

Глядзі таксама
Каментары