Пракурор запатрабаваў расстрэл за забойства пенсіянераў пад Слуцкам


Дзяржабвінаваўца запатрабаваў выключную захаду пакарання для фігуранта справы аб забойстве двух пенсіянераў і замаху на жыццё трэцяй пад Слуцкам. Астатнім фігурантам пракурор просіць прызначыць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі – 18 і 22 гады. Абвінавачаныя сваёй віны ў поўным аб’ёме не прызналі, піша TUT.by

Больш за год таму, 14 студзеня 2019 году, у вёсцы Сухоўчыцы быў забіты 79-гадовы Міхаіл Шугалей. Абвінавачванні прадʼяўленыя 29-гадоваму Віктару Скрундзіку і 33-гадоваму Валянціну Бушніну. Паводле версіі следства, пажылога мужчыну спачатку душылі шнурком ад спартовых штаноў, а потым зладзілі ў ягоным доме пажар. Як паказала экспертыза, падчас падпалу мужчына быў яшчэ жывы, гэта значыць яго спалілі жыўцом. З дому ахвяры нападнікі вынеслі 50 рублёў.

Hавiны
Траім вяскоўцам з-пад Слуцку пагражае смяротнае пакаранне. Яны спалілі жыўцом дваіх пенсіянераў
2020.01.27 22:12

Бушніна абвінавачваюць у падбухторванні да забойства, то бок забіваў чалавека, як паказана ў абвінавачванні, Скрундзік, але Бушнін сказаў яму гэта зрабіць ( «дзеда трэба прыбіраць») і не спыніў Віктара, калі той душыў пенсіянера і падпальваў ягоны дом. Бушнін заявіў, што вінаватым сябе ў забойстве не прызнае, настойвае, што ўсё зрабіў Скрундзік.

Праз тыдзень, 21 студзеня 2019 году, адбыўся напад на 94-гадовага Уладзіміра Гаркавага, які жыў у вёсцы Ульянаўка. Мужчыну душылі дротам, рамянём і таксама спалілі яшчэ жывым. З хаты зламыснікі вынеслі 280 рублёў і некалькі бутэлек алкаголю.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск. Адзінае месца ў Еўропе дзе ажыццяўляюцца смяротныя прысуды.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Абвінавачванні прадʼяўленыя Віктару Скрундзіку і 25-гадоваму Віталю Мяцежу. Мяцеж віну ў забойстве не прызнае, кажа, што злачынства здзейсніў Скрундзік. Апошні ў судзе заявіў, што прыяцель яго агаворвае.

Праз дзесяць дзён, 31 студзеня 2019 года, у вёсцы Сухоўчыцы адбыўся напад на 85-гадовую Софʼю Мацэле. Віктар Скрундзік, якому прадʼяўлена абвінавачанне ў замаху на забойства, імаверна, збіў жанчыну, пагражаў яе забіць і вымагаў грошы. Пенсіянерцы атрымалася выратавацца, прыяцель Скрундзіка раптам зайшоў у дом і спыніў яго.

Дзяржабвінаваўца Вадзім Лалуа у спрэчках падкрэсліў, што абвінавачаныя знаходзіліся ў стане алкагольнага апʼянення – па ўсіх эпізодах. Як заяўлялі самі фігуранты, жаданне здабыць грошы на выпіўку было адзіным матывам нападаў. І ў Мяцежа, і ў Бушніна – на выхаванні маленькія дзеці.

Пракурор папрасіў смяротнае пакаранне для Віктара Скрундзіка, 22 гады пазбаўлення волі для Віталя Мяцежа і 18 гадоў – для Валянціна Бушніна.

Адвакат Скрундзіка лічыць, што пакаранне ў выглядзе расстрэлу занадта суворае. На ягоную думку, мэты крымінальнага пакарання могуць быць дасягнутыя максімальным тэрмінам пазбаўлення волі – пажыццёвым зняволеннем.

ВІДЭА
Еўразвяз зноў заклікаў Беларусь да адмены смяротнага пакарання
2019.10.10 11:41

КА belsat.eu

Стужка навінаў