Пракурор забыўся ў судзе гатовае рашэнне – яно трапіла ў інтэрнэт. Суддзя заявіў самаадвод


Уладзімір Васілеўскі, суддзя Акцябрскага раёну, так і не разгледзеў пазоў блогера і журналіста Андрэя Павука да мясцовых чыноўнікаў, якія не дазваляюць яму прысутнічаць на апаратных нарадах.

У сераду суддзя Акцябрскага раёну Уладзімер Васілеўскі заявіў самаадвод у справе пазову Андрэя Павука на дзеянні дзяржаўных службоўцаў раённага выканаўчага камітэту і райсавету, падала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Суддзя адмовіўся ад разгляду справы

Юрыст Леанід Судаленка, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы Андрэя Павука, не ведае, як рашэньне суду трапіла на стол да пракурора, падае «Радыё Свабода».

У сваім «Фэйсбуку» праўнік напісаў, што сустракаецца з такім упершыню.

«Напэўна гэта гаворыць аб тым, што рашэньні прымаюцца загадзя. Выходзіць, я дапамагаў Павуку рыхтаваць скаргу, прыехаў за 200 км — каб удзельнічаць у спэктаклі?», — кажа Судаленка.

У аўторак памочнік раённага пракурора Вадзім Шыбут забыўся ў судзе ўжо надрукаваныя аркушы, падобныя на рашэнне суда. Гэтыя аркушы ўдзельнікі пасяджэння сфатаграфавалі і апублікавалі ў Сеціве.

Суд павінен быў не задаволіць скаргу Андрэя Павука. Блогер лічыць дакумент загадзя падрыхтаваным рашэннем

«Суд толькі пачаўся, суддзя яшчэ думае, ці дапускаць да паседжання прадстаўніка БАЖ, а ў памочніка пракурора ўжо ёсць шпаргалка, дзе рашэнне ўжо прынятае», – кажа «Белсату» пазоўнік.

Павук лічыць, што суддзя і пракурор «расслабіліся».

«Яны падумалі, мабыць: «якое глупства, смешны Павук, вунь з райвыканкамам вырашыў цягацца!» І страцілі пільнасць», – кажа блогер.

Мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць блогеру прысутнічаць на апаратных нарадах, якія праводзіць старшыня райвыканкаму Віктар Палуянаў, а таксама на сесіях райсавету, дзе вырашаюцца важныя для развіцця раёну пытанні. Іх надзвычай палохае жаданне Павука весці онлайн-трансляцыю з нарадаў і сесіяў.

Інтарэсы райсавету па папярэднім пасяджэнні ў судзе прадстаўляў яго старшыня Алег Таргонскі, на асноўным – галоўны спецыяліст Марыя Пішчала, райвыканкаму – кіраўніца справаў Валянціна Шлапакова і юрыст Наталля Іванова. У адмовах на ўдзел Павука ў апаратных нарадах райвыканкаму і сесіях райсавету чыноўнікі спасылаюцца на існы рэгламент у дзейнасці гэтых дзяржаўных структураў.

Андрэй Павук спрабаваў урэгуляваць канфлікт без суда, і звяртаўся пісьмова ў Гомельскія аблвыканкам і аблсавет, каб паправілі раённых чыноўнікаў. Аднак абласныя чыноўнікі сцвердзілі, што адмова прысутнічаць на раённых нарадах і сесіях цалкам абгрунтаваная.

Леанід Судаленка перакананы, што рашэнні выканкаму і райсавету абмяжоўваюць канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, у тым ліку і пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

14 жніўня 2018 года. Леанід Судаленка (злева) і Андрэй Павук (у цэнтры) у судзе Кастрычніцкага раёна. Фота з «Фэйсбуку» Леаніда Судаленкі

Юрыст прывёў у судзе прыклады з практыкі дзейнасці мэрыяў у ЗША, Швецыі, Германіі, дзе грамадзяне могуць прыйсці на пасяджэнне мясцовага органа ўлады і рабіць там здымкі.

Паводле артыкулу 31 закону аб мясцовым самакіраванні, грамадзяне Беларусі «маюць права свабоднага доступу на пасяджэнні тэрытарыяльнага органа грамадскага самакіравання, удзелу ў яго працы з правам дарадчага голасу».

ДД

Стужка навінаў