Пракурор просіць пакараць анархістаў, якія пашкодзілі дзверы менскага СІЗА, 7 гадамі калоніі

Пракурор Ігар Сенеў просіць суд Савецкага раёну Менску пакараць анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара 7 гадамі пазбаўлення волі. Іх вінавацяць у тым, што ў верасні 2019 года яны нібыта закідалі будынак Менгарсуда лямпачкамі з фарбай, а ў кастрычніку шпурнулі кактэйль Молатава ў бок СІЗА на Валадарскага.

Актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў у «Фэйсбуку», што падчас судовых спрэчках у судзе Савецкага раёну пракурор папрасіў суд пакараць 19-гадовых Мікіту Емяльянава і Івана Комара 7 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Анархістаў затрымалі 20 кастрычніка 2019 года. Актывістам выставілі абвінавачанне паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), арт. 295.3 («Незаконныя дзеянні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») і арт. 344 КК («Наўмыснае пашкоджанне гістарычна-культурных каштоўнасцяў»).

Паводле следства, Емельянаў і Комар у верасні 2019 года закідалі лямпачкамі з фарбай будынак Менгарсуду. Агульная шкода ад гэтых дзеянняў – 143 рубля. Таксама актывістаў вінавацяць у тым, што яны з выкарыстаннем кактэйляў Молатава нібыта двойчы спрабавалі атакаваць будынак СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У першым выпадку кактэйль Молатава не загарэўся. Анархісты спрабавалі паўтарыць акцыю 20 кастрычніка – яны шпурнулі бутэльку з гаручай сумессю ў дзверы будынку СІЗА. Кактэйль Молатава загарэўся, але пашкодзіў дзверы нязначна – суму шкоды ацанілі ў 1 рубель 48 капеек.

У судзе Іван Комар цалкам не прызнаў сваю віну, Емяльянаў – часткова. Таксама Комар заяўляў пра ціск на яго з боку праваахоўных органаў падчас следства.

Дзверы менскага СІЗА пашкодзілі на суму 1,48 рубля. За гэта анархістаў могуць пасадзіць на 12 гадоў

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны