Пракурор патрабуе 3 гады для Арцёма Вінакурава, якога ўжо прызналі палітычным вязнем


Арцём Вінакураў у судзе.
Фота: dev.by

Сёння, 28 студзеня, адбылося апошняе паседжанне суда над студэнтам Арцёмам Вінакуравым. Хлопцу інкрымінуюць артыкул 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе пакараць Арцёма трыма гадамі абмежавання волі, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

26 кастрычніка Арцём зайшоў у аўдыторыю, дзе вёў заняткі дэкан Леанід Шылін, і заклікаў студэнтаў далучыцца да страйку. 28 кастрычніка Вінакурава затрымалі, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

На судовых паседжаннях выкладчыкі і студэнты падтрымлівалі Арцёма. Аднагрупнікі адклікаюцца пра яго як пра добрага чалавека, які заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу.

«Арцём паступіў раней за нас, але два гады таму ўзяў акадэмічны адпачынак праз хваробу і затым аднавіўся ў нашую групу, – кажа аднагрупнік Дзіма. – Распавядаў, як будзе праходзіць гэты семестр, дапамагаў нам з вучобаю».

Арцём вучыўся на факультэце камп’ютарных сістэмаў і сетак, які лічыцца самым прэстыжным у БДУІР. Вучыўся добра, як і ў гімназіі, якую скончыў з адзнакай.

Аднагрупнікі не згодныя з абвінавачаннем пра «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

«Мы ехалі з Арцёмам у трамваі за тыдзень да ягонага затрымання і гутарылі толькі пра навучанне. Калі б ён быў арганізатарам, то, напэўна, спрабаваў бы мяне прыцягнуць да закалотаў, але ён гэтага не рабіў. Мы разважалі толькі пра вучобу», – кажа аднагрупнік Саша.На апошняе паседжанне суда прыйшлі таксама студэнты з іншых факультэтаў.«Мы не былі знаёмыя з Арцёмам раней, але цяпер мы ўсе аб’ядналіся. Шкада, што з такой нагоды», – адзначаюць яны.

У сваім апошнім слове Арцём папрасіў прабачэння ў бацькоў, што прымусіў іх перажываць, і ў выкладчыкаў, якім мог даставіць нязручнасці. Ён усвядоміў за тры месяцы, што хацеў бы працягнуць навучанне, бо гэта важна. Пракурор патрабуе даць Вінакураву тры гады абмежавання волі.

Суддзя Марына Фёдарава вынесе рашэнне заўтра а 12:00.

Арцём Вінакураў – былы студэнт 3-га курсу факультэту кампʼютарных сістэмаў і сетак БДУІР. Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго, як дэкан факультэту інфармацыйных тэхналогіяў і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам ды папрасіў іх выйсці з аўдыторыі, «на ягоны адрас пасыпаліся абразы і пагрозы».

Арцёма затрымалі раніцаю 27 кастрычніка, супраць яго распачалі крымінальную справу за арганізацыю ды рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). 3 снежня праваабаронцы прызналі Арцёма палітычным вязнем. Да суда Арцёма ўтрымлівалі ў СІЗА ў Жодзіне.

Сваю віну Вінакураў прызнаў у поўным абʼёме.

ТК belsat.eu

Стужка навінаў