Пракуратура выявіла грубыя парушэнні ў 120-й брыгадзе, дзе ў красавіку загінуў жаўнер


Афіцэры 120-й асобнай механізаванай брыгады не праводзілі прафілактыкі правапарушэнняў сярод асабовага складу брыгады. У выніку ў першым квартале здзейснена 5 грубых дысцыплінарных праступкаў, у такі ж перыяд 2017 года іх было 3, гаворыцца на сайце Генпракуратуры.

«Па выяўленых у ходзе анкетавання фактах нестатутных узаемаадносінаў камандзіры падраздзяленняў не ініцыявалі службовага расследавання перад камандзірам брыгады.

Пракуроры правялі ўласнае ананімнае анкетаванне вайскоўцаў тэрміновай службы з падначаленых воінскіх частак і падраздзяленняў брыгады. Па яго выніках шэраг вайсковаслужбоўцаў 339-га асобнага механізаванага батальёна, рамонтна-аднаўленчага батальёна і разведвальнага батальёна паведамілі пра наяўнасць у падраздзяленнях парушэнняў», – заявілі ў пракуратуры.

Пракуратура Менска запатрабавала прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых службовых асобаў, ліквідаваць парушэнні заканадаўства, а таксама дамагацца поўнага і своечасовага прадстаўлення інфармацыі пра маральна-псіхалагічны стан асабовага складу і захаванне воінскай дысцыпліны, прызначаць службовыя расследаванні пры далейшым выяўленні нестатутных узаемаадносінаў у брыгадзе.

***

120-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада дыслакуецца ў Менску, у раёне Уручча. Падраздзяленне бярэ ўдзел ва ўсіх маштабных вайсковых вучэннях, на яго базе сфармаваная адзіная ў Беларусі міратворчая рота.

У красавіку, падчас планаваных заняткаў па агнявой падрыхтоўцы ў 120-й брыгадзе, загінуў жаўнер тэрміновай службы Дзмітры Удод. Ён быў кіроўцам-механікам БМП-2. Хлопец атрымаў несумяшчальнае з жыццём раненне ад танкавага кулямёту Калашнікава, які ўсталёўваюць на БМП. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

Пазней маці Аляксандра Коржыча, які загінуў у вучэбнай частцы ў Печах, паведаміла журналістам, што Удод быў сведкам у справе ейнага сына. 19 красавіка СК завяршыў расследаванне смерці Коржыча.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў