Пракуратура вынесла папярэджанні біскупу і святару за крытыку разбурэння мемарыялу памяці Бандарэнкі


Генеральная пракуратура адрэагавала на публічныя заявы святароў, якія раскрытыкавалі дзеянні ўладаў і сілавікоў.

18 лістапада ў Генеральнай пракуратуры старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Сяргею Лепіну і дапаможнага біскупу Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Юрыю Касабуцкаму абвясцілі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона, паведамілі ў ведамстве.

Папярэджанні сталі адказам на публікацыі святароў у Facebook пасля таго, як сілавікі знішчылі мемарыял памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

Біскуп Юрый Касабуцкі.
Фота: Catholic.by

«Дарагія мае сябры! Мы ўсе добра ведаем і бачым, што адбываецца ў нашай каханай Беларусі.

Насілле, гвалт, катаванні, зневажанне чалавечай годнасці, агрэсія з боку дзяржаўных сілавых структур у адносінах да мірных грамадзян нашай краіны. Сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народа.

Разбурэнне народнага мемарыяла, які паўстаў на месцы брутальнага захопу Рамана Бандарэнкі, быў чарговай спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзей.

Арышт шматлікіх мірных грамадзян павінен запалохаць іншых людзей. Аднак усе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас. Заахвочваю маліцца за наш народ, аб умацаванні духа, адвазе і смеласці ў гэтых выпрабаваннях. Таксама не забываць далучаць да малітвы інтэнцыю аб навяртанне для тых, чые рукі запэцканыя крывёю людскою…

Няхай Бог дасць нам патрэбныя ласкі, каб народ наш дастойна прайшоў праз гэта выпрабаванне. Хрыстос ніколі не пакіне нас. Гэта надзея няхай пранікае ў нашыя сэрцы», – напісаў каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі.

Сяргей Лепін.
Фота: svaboda.org

«Не разумею, навошта гэта здзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае патаптанне лампад і абразкоў, барацьба з імправізаваным мемарыялам у двары, уздоўж дарог..? У чым сэнс? Не ўзгоднена, так? А вось такія паводзіны і стаўленне – яны ўзгодненыя? З кім?» – задаўся пытаннем Сяргей Лепін.

У пракуратуры палічылі, што «падобныя дзеянні недапушчальныя і непрымальныя, бо не толькі не адказваюць асноватворнай ролі царквы ў частцы дасягнення ўзаемнага разумення, цярпімасці і згоды ў грамадстве, але і падахвочваюць грамадзянаў да агрэсіі, проціпраўных дзеянняў, вырашэнню пытанняў неканстытуцыйным шляхам».

Святароў таксама абвінавацілі ў тым, што іх выказванні супярэчаць артыкулу 16 Канстытуцыі, якая забараняе дзейнасць рэлігійных арганізацыяў, іх органаў і прадстаўнікоў, накіраваную супраць грамадзянскай згоды.

Генеральная пракуратура вынесла і прадпісанне Упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, у якім запатрабавала «ліквідаваць выяўленыя парушэнні і прыняць дадатковыя меры па папярэджанні рознагалоссяў у сферы ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў».

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял.Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

Нагадаем, што 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку сваёй адміністрацыі Ігару Сяргеенку сумесна з генеральным пракурорам «даць ацэнку гэтым заявам». Ён палічыў іх «здзеклівымі» і не адпаведнымі рэчаіснасці. Усё было зроблена спецыяльна, каб абвінаваціць улады ў варварстве, заявіў Лукашэнка.

Мемарыялу памяці загінулых пратэстоўцаў Рамана Бандарэнкі і Аляксандра Тарайкоўскага былі разбураныя сілавікамі і камунальнымі службамі 15 лістапада.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў