Пракуратура прызнала парушэнні ўтрымання ў Слуцкім ІЧУ, а міліцыя – не


Пракуратура Слуцкага раёну адрэагавала на скаргу журналіста рэгіянальнай газеты «Інфа-Кур’ер» Сержука Кійко, якую ён падаў на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Слуцкага РАУС, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

«У выніку праведзенай пракуратурай Слуцкага раёна праверкі ў ІЧУ ўстаноўленыя парушэнні заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных, у тым ліку і парушэнні, якія пададзеныя ў скаргах. Вынесена прадпісанне аб выпраўленні парушэнняў заканадаўства», – адказаў журналісту намеснік пракурора Слуцкага раёну.

У ізалятары Кійко ўтрымліваўся з 3 па 6 красавіка пасля пераводу з Жодзінскага СІЗА – ён адбываў адміністратыўны арышт за ўздел у акцыі пратэсту на Дзень Волі ў Менску. Дзякуючы пераводу, журналіст змог параўнаць умовы ўтрымання ў Жодзіне і Слуцку.

«Відаць, у Жодзіне рыхтаваліся да «прыёму» адміністратыўна арыштаваных удзельнікаў Дня Волі, бо выдавалі нам чыстыя коўдры і ручнікі, камеры былі прыбраныя і памытыя, пры неабходнасці да хворых выклікалі лекара і ён хутка з’яўляўся. А вось у Слуцкім ІЧУ мне кінуўся ў вочы страшэнны бруд, камера смярдзела, нават ручніка не выдалі. За чатыры дні ніводнага разу не выводзілі на прагулку, – перадае словы журналіста ПЦ «Вясна».

Асобна Сяржук Кійко адзначае дрэнную якасць харчавання і мізэрныя порцыі. Асартымент страў практычна не мяняўся некалькі дзён, тройчы кармілі надта «пахучай» рыбай. Прыёмы ежы былі шчыльна ссунуты па часе: сняданак – у 11 гадзін, абед – у 13 гадзін, вячэра – у 17 гадзін.

Яшчэ адзін зварот Сяржука Кійко быў разгледжаны ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС, якія правялі свой маніторынг ізалятара часовага ўтрымання ў Слуцку. У межах кампетэнцыі гэтай установы было вынесенае заключэнне, што факты парушэнняў, пра якія вялася гаворка ў звароце, часткова мелі месца. Кіраўніцтву ІЧУ былі дадзены прапановы па іх выкараненні і ўзмацненню кантролю за захаваннем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

І толькі Слуцкі РАУС, разгледзеўшы аналагічную скаргу журналіста прыйшоў да высновы, што недахопаў у матэрыяльна-бытавым і санітарна-гігіенічным забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных не было.

Кіраўніцтва раённай міліцыі паведаміла Кійко, што «факты, выкладзеныя ў скарзе на парадак і ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Слуцкага РУУС не знайшлі свайго пацверджання».

КА, belsat.eu, фота kurjer.info

Стужка навінаў