Пракуратура патрабуе для былой прэзідэнткі Паўднёвай Карэі 30 гадоў турмы за карупцыю


Пак Кын Хе ўжо амаль год застаецца пад вартаю.

Дзяржабвінавачанне таксама папрасіла для яе штраф у памеры каля $ 110,4 млн. Чакаецца, што суд вынесе рашэнне ў канцы сакавіка альбо напачатку красавіка.

Пак Кын Хе абвінавацілі ў 18 эпізодах карупцыі, у тым у змове з кіраўніком Lotte Group Сін Дон Біном, злоўжыванні ўладаю, незаконным ціску на буйныя кампаніі, хабары, разгалашэнні дзяржаўных таямніц.

Следства лічыць, што былая прэзідэнтка ўступіла ў змову са сваёй сяброўкай і дачкой лідара рэлігійнага культу «Царква вечнага жыцця» Чхвэ Сун Сіль, каб вымагаць у буйных кампаніяў грошы. Прэзідэнтка таксама дазволіла сяброўцы ўплываць на палітычныя рашэнні нягледзячы на тое, што тая не займала дзяржаўных пасадаў. Яе арыштавалі па падазрэнні ў вымагальніцтве і прысудзілі да 20 гадоў турмы.

У сакавіку 2017 года Пак Кын Хе абвясцілі імпічмент, пасля чаго ў Паўднёвай Карэі прайшлі пазачарговыя выбары. Праз карупцыйны скандал у краіне адбыліся масавыя пратэсты.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў