Пракуратура не знайшла парушэнняў у дзеяннях АМАПу падчас налёту на штаб-кватэру ПЦ «Вясна»


Праваабаронца Наста Лойка атрымала адказ на свой зварот у пракуратуру Першамайскага раёну Менску з нагоды затрымання назіральнікаў БХК і Праваабарончага цэнтру «Вясна» падчас інструктажу перад акцыяй на Дзень Волі. Парушэнняў заканадаўства з боку міліцыянтаў пракуратура не знайшла.

25 сакавіка а 12-й гадзіне ў офісе ПЦ «Вясна» распачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Каля 13-й гадзіне ў офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы. Людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць, пачалі вобшук. Затым назіральнікаў даставілі ў Першамайскі РУУС, адкуль потым адпусцілі без складання пратаколаў.

Скарга праваабаронцаў на дзеянні АМАПу была перанакіравана пракуратурай ў РУУС Першамайскага раёну, які правёў праверку па дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі. Праваабарончы сайт spring96.org публікуе вытрымку з заключэння па факце праверкі:

«У ходзе праверкі ўстаноўлена, што 25.03.2017 каля 14.00 пасля паведамлення пра знаходжанне па адрасе пр-т Незалежнасці, 78а – 48 вялікай колькасці падазроных грамадзянаў, выбылі супрацоўнікі АМАП ГУУС Менгарвыканкама. У названай кватэры супрацоўнікамі міліцыі была выяўленая апазіцыйная літаратура і іншыя дакументы, якія датычацца дзеянняў апазіцыйна настроеных грамадзянаў пры правядзенні несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

У кватэры знаходзілася 55 чалавек. Для разбіральніцтва, высвятлення асобаў і праверкі на датычнасць да планавання масавых беспарадкаў у г. Менску, грамадзяне, якія знаходзіліся ў кватэры, былі дастаўленыя ў Першамайскі РУУС Менску. Пасля высвятлення асобаў і правядзення праверачных мерапрыемстваў грамадзяне былі адпушчаныя з будынку РУУС», – паведамляецца ў заключэнні праверкі, якую праводзіў намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік Аляксандр Скуратовіч.

Па выніках праверкі ўпраўленне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну не знайшло парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, якія 25 сакавіка ажыццяўлялі затрыманне назіральнікаў.

Наста Лойка, якая засталася незадаволенай вынікамі праверкі, плануе накіраваць зварот у Міністэрства ўнутраных спраў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў