Пракуратура Літвы патрабуе 8 гадоў турмы падазраванаму ў шпіянажы на карысць Расеі


Генеральная пракуратура Літвы запатрабавала прысудзіць абвінавачанага ў шпіянажы на карысць РФ літоўскага грамадзяніна Рамана Шэшэля да васьмі гадоў зняволення. Пра гэта паведаміў журналістам пракурор Рэдас Савіцкас.

Разбіральніцтва ў Клайпедскім акруговым судзе праходзіць у фармаце зачыненых пасяджэнняў, піша ТАСС.

«Мы лічым, што віна цалкам даказаная, здзейснена небяспечнае злачынства», – сказаў пракурор Рэдас Савіцкас.

Па словах пракурора, абарона з такім сцвярджэннем не згодна.

Клайпедскі акруговы суд 8 студзеня зачытаў абвінаваўчы акт, з якім падсудны Шэшэль не пагадзіўся і віну за сабой не прызнаў.

Паводле матэрыялаў справы, сабраным Другім дэпартаментам аператыўных службаў пры Міністэрстве абароны Літвы (ваенная выведка), арыштаваны нарадзіўся ў 1974 годзе ў Расеі. З 2015 года да затрымання ў снежні 2017 году ён нібыта збіраў і перадаваў расейскай спецслужбе (яе назва не раскрываецца), якая яго завербавала, інфармацыю пра стан ВМС Літвы, пра вайсковыя караблі NATO, якія прыбывалі ў Клайпеду і вайсковыя грузы, а таксама пра працу ў порце тэрміналу звадкаванага прыроднага газу. Як адзначала пры перадачы справы ў суд пракуратура, падазраваны збіраў незасакрэчанную інфармацыю, аднак яго дзеянні могуць кваліфікавацца як злачынныя, паколькі ажыццяўляліся на замову замежнай выведкі.

Hавiны
Выяўлены другі падазраваны ў шпіянажы на карысць Расеі, – аўстрыйскія СМІ
2018.11.11 13:01

СК, belsat.eu

Стужка навінаў