Пракуратура: гарадзенскія пенсіянеры крадуць... спантанна!


У Горадні прааналізавалі статыстыку крадзяжоў з ячэек для захоўвання рэчаў ды каля касаў у крамах. Апынулася, што пенсіянеры схільны да «спантанных крадзяжоў».

Паводле намесніка пракурора Горадні Дзмітрыя Белазёрава, сёлета ў Горадні зарэгістравана 26 крадзяжоў маёмасці з ячэек захоўвання або з месцаў побач з імі. З іх 11 здзейснілі… пенсіянеры, якія раней ніколі не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Адна з апошніх такіх справаў датычыць крадзяжу, які здзейсніла 87-гадовая бабуля.

«Вылічваюць» такіх злачынцаў дзякуючы сістэме відэаназірання, якія ёсць практычна ў любой вялікай краме. Гэтыя відэа з заклікамі апазнаць злодзея міліцыя нават змяшчае ў інтэрнэт.

«Аналіз крымінальных справаў дазваляе зрабіць выснову пра тое, што рашэнне завалодаць пакінутай без нагляду маёмасцю з’яўляецца ў грамадзянаў спантанна, адразу пасля таго, як яны пабачылі гэтую маёмасць», – піша намеснік пракурора ў артыкуле на сайце гарадзенскай міліцыі.

Зазвычай усё злачынства зводзіцца да таго, што пацярпелы забываецца частку сваіх рэчаў у ячэйцы, або калі перакладвае купленыя рэчы з кошыка ў торбу, забываецца на пакінуты тэлефон ці гаманец. Тым часам гэта заўважае «спантанны» злодзей і незаўважна забірае «здабычу».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў