Пракуратура: Міліцыя Берасцейшчыны адпраўляла ў ЛПП не тых, каго трэба


Пракуратура Берасцейскай вобласці знайшла парушэнні ў дзеяннях міліцыі па пытанню накіравання грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры, на Берасцейшчыне за апошні год пагоршылася сітуацыя з п’янствам – у тым ліку павялічылася колькасць смяротных атручванняў алкаголем. Міліцыя летась накіравала ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 773 чалавекі, тады як суды вынеслі 1 153 адпаведных рашэнні (гэта значыць рэальна ў ЛПП трапілі толькі 67% асобаў, якіх накіраваў туды суд).

Пракуратура высветліла, што звязана гэта з тым, што адначасова ў дачыненні да такіх асобаў часта распачыналіся крымінальныя справы і замест ЛПП яны адпраўляліся ў турму.

«Пры гэтым органы ўнутраных справаў не заўсёды дзейнічалі выбіральна, не ўлічвалі характарыстыкі асобы грамадзянаў, меркаванне членаў іх сямʼі, дадзеныя аб схільнасці да агрэсіўных паводзінаў. Гэта спрыяла таму, што ў некаторых рэгіёнах першапачаткова ў ЛПП ізаляваліся асобы, якія не ўяўлялі асаблівай небяспекі для навакольных, а раней судзімыя, што дапускалі гвалт у семʼях, заставаліся ў чаканні сваёй чаргі», – адзначаюць у пракуратуры.

Сістэма ЛПП прадугледжвае ізаляцыю асобаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію. Пры гэтым грамадзяне ў ЛПП не зʼяўляюцца асуджанымі да пазбаўлення або абмежавання волі і не лічацца адміністратыўна арыштаванымі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў