Пракуратура адмовілася дапамагаць Пятру Маркелаву, да якога не пускаюць адваката


Супрацоўнікі Менскай гарадской пракуратуры і пракуратуры Маскоўскага раёну адмовіліся выехаць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і нават патэлефанаваць туды, каб спраўдзіць стан арыштаванага на выбарчым участку актывіста.

Праваабаронца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава распавяла «Белсату», што 14 снежня звярнулася ў Менскую гарадскую пракуратуру з просьбай дапамагчы актывісту Пятру Маркелаву, які адбывае 14-содневы арышт у ЦІПе на вуліцы Акрэсціна.

«Я ім тлумачыла, што да яго не можа патрапіць адвакат і невядома, ці ён там жывы – ніякай сувязі з вонкавым светам у яго няма. Дзяжурная пракуратуры Маргарыта Крыцкая адмовілася выязджаць у ЦІП для таго, каб сустрэцца з Пятром і даведацца, як там выглядаюць справы з ягоным станам і ўмовамі ўтрымання», – распавяла Фёдарава.

Адмовіліся дапамагаць Маркелаву і ў пракуратуры Маскоўскага раёну, куды Вікторыя Фёдарава звярнулася разам з былым кандыдатам у дэпутатам Стасам Шашком увечары 13 снежня.

«Спачатку нас адправілі да памочніка пракурора, які сказаў, што ён можа толькі прыняць пісьмовую скаргу і нічога не можа зрабіць. Калі я запыталася ў прыёмнай, хто можа прыняць нейкія рашэнні, мяне скіравалі да намесніка пракурора Ігара Жыбуля, але мы не змаглі нават зайсці да яго ў кабінет, таму што ён пачаў крычаць, што ён заняты і не будзе нічога рабіць, а пасля таго, як я растлумачыла сітуацыю, ён сказаў, што не абавязаны тэлефанаваць у ЦІП», – распавядае Фёдарава.

Адвакатка Пятра Маркелава Альвіна Мінгазава цягам усяго дня 13 снежня не змагла патрапіць да Пятра Маркелава для аказання юрыдычнай дапамогі.

«[У ЦІПе] казалі, што занятыя ўсе кабінеты, бо працуюць аператыўнікі – і так працягвалася цэлы дзень. Нават у дні масавых затрыманняў я не памятаю, каб цэлы дзень нельга было патрапіць да чалавека. Бывае, што чакаеш, але рана ці позна яны вызваляюцца. У маім жыцці гэта ўпершыню. Гэта не праблема арыштаванага, што ўсе кабінеты занятыя. Я напісала і адправіла скаргі. Раніцай у панядзелак буду спрабаваць патрапіць да Пятра зноўку», – распавяла «Белсату» Альвіна Мінгазава.

12 снежня з маці Пятра Маркелава звязаўся чалавек, які сядзеў з ім у адной камеры. Хлопец паведаміў, што Пётр на Акрэсціна знаходзіцца ў цяжкіх умовах: у камеры антысанітарыя і вошы.

9 снежня суддзя Маскоўскага раённага суду Таццяна Матыль асудзіла Пятра Маркелава на 14 содняў арышту за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку.

  • Падчас парламенцкай кампаніі Пётр Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Стаса Шашка. Як давераная асоба, Маркелаў скарыстаўся магчымасцю назіраць за выбарамі – на 286-м участку 99-й акругі. Пасля таго, як ён стаў здымаць на відэа патрабаванне Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы, на ўчастак прыехаў нарад міліцыі.

Выбары ў Беларусі: свая атмасфера

Чакалі спакойных і нудных выбараў? Не выйшла. Паглядзіце, відэа і стрымы назіральнікаў. Зафіксавана 731 парушэнне.Падрабязней тут: https://naviny.belsat.eu/news/naziralniki-ad-prava-vybaru-yauka-ne-adbylasya-na-5-akrugah-zafiksavanae-731-parushenne/

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 18 listopada 2019

ДД belsat.eu

Стужка навінаў