Праймерыз: сцэнар зламаны, прыйшлі няправільныя выбарцы

Усё зразумела: каронавірусам сёння можна будзе растлумачыць усё і ўсім. Улада будзе спасылацца на эпідэмію, кажучы пра падзенне жыццёвага ўзроўню працоўных выбарцаў. Апазіцыя будзе аргументаваць змену тактыкі нежаданнем падвяргаць жыццё ўсё тых жа выбарцаў небяспецы. Як сказаў бы Меркуцыё, сыходзячы паміраць за сцэнай, на якой ідзе «Рамэа і Джульета», каронавірус на абодзве вашыя хаты.

Адсуньце ў бок гэтую вельмі паважлівую прычыну адмовы Паўла Севярынца ад удзелу ў праймерыз. Разгледзім другую, менш паважлівую.

Павел Севярынец.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

У праймерыз запрашаліся для ўдзелу ўсе ахвотныя. Я цяпер не кандыдатаў у адзіныя кандыдаты маю на ўвазе, а тых, каго заклікалі прыйсці на сустрэчы і прагаласаваць за аднаго з прапанаваных. І што, нехта сумняваўся, што ўлада знойдзе сваю гайку на ваш болт, сябры-таварышы? І вось, як сцвярджае лідар гонкі, з’явіўся натоўп супрацоўнікаў выканкамаў, якія пачалі падтрымліваць ягонага суперніка.

Гэта што – падстава зняцца з гонкі? Прычым не з праймерыз зняцца, а наагул абвесціць пра тое, што адзіны выхад – гэта выхад на вуліцы?

Юрась Губарэвіч.
Фота: Белсат

Наглядна можна ўявіць сабе гэты выхад. Прыхільнікі Паўла Канстанцінавіча выходзяць на плошчу пад красамоўнай лозунгам: «Далоў Губарэвіча! Наш кандыдат – самы адзіны кандыдат!» Пад такімі транспарантамі можна хадзіць па вуліцах да самога дня галасавання. Як спявалася ў песні савецкага часу, «чукча ў чуме чакае світання, а світанак наступіць летам» – вось да лета і можна хадзіць. Мелодыя, якая мабілізуе: пад яе хоць на Берлін, хоць на Маскву можна маршыраваць. Галоўнае – абысці Губарэвіча.

Справа не ў тым, што сітуацыя змянілася і ўсё пайшло не паводле сцэнару. Справа ў тым, што новы сцэнар наагул, як высвятляецца, не абмяркоўваўся арганізатарамі праймерыз. Яны проста за аксіёму прынялі, што ў галасаванні будуць удзельнічаць выключна жыхары апазіцыйнага гета ды нешматлікія грамадскія актывісты.

А тое, што ў рэальнасці беларускі электарат складаецца не толькі з апазіцыі і актывістаў, гэта проста ў разлік не бралася. А калі б бралася?

Ганна Канапацкая.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

Уявіце сабе гэтую карціну. Кандыдаты ў адзіныя кандыдаты прыязджаюць у населены пункт NN. Рассаджваюцца за сталом прэзідыума, каб усе бачылі, што яны – не толькі разумныя і палітычна пісьменныя, але яшчэ і прыгожыя (толькі Канапацкай не хапае, але яна можа заставацца на пікеце). Пачынаецца сустрэча з патэнцыяльнымі выбарцамі. І тут у арандаванае памяшканне ўваходзяць некалькі высокіх і цалкам нават акуратна апранутых джэнтльменаў, сярод якіх сівы мужчына з вядомым зачосам на галаве і вусамі.

«Нічога, нічога, – супакойвае ён уладальніка памяшкання, нервова які тлумачыць, што звяржэнне ўлады адбудзецца не сёння і не тут. – Я проста міма з хлопцамі праходзіў. Мне сказалі, што можна паглядзець, пытанні задаць. Ну, вырашылі зайсці! Што цяпер – выганіце?»

Праймериз в Пинске.
Фота: facebook.com/adziny2020

А сапраўды – што цяпер? Выганяць Лукашэнку прама з залы, дзе ідзе сустрэча? Але ж ён выбарца ня горш за Севярынца з Губарэвічам. І права голасу яго пакуль ніхто не пазбаўляў. І пашпарты пры ім і пры ахове. Вось, ён падыходзіць па бюлетэнь для галасавання. І тыя, высокія і акуратна апранутыя, таксама падцягваюцца. Вось пашпарты дасталі з шырокіх калашынаў – дублікатам, як сказаў бы яшчэ адзін класік, без цаны. Што, дэмакраты хрэнавы, адмовім ім у праве ўдзельнічаць у галасаванні? А калі яны шчыра хочуць аддаць свае галасы за спадарыню Кавалькову – што тады? Ці выкрасляць усіх і ўпішуць кандыдата Панду або Барсік? Іх права.

«Яны – не наш выбарца!« – сакраментальна можа запярэчыць мне таварыш Барысаў, выконваючы абавязкі дэмакратычнай Лідзіі Ярмошынай.

Новости
Праймериз приостановилось. Северинец отказался от участия
2020.03.16 17:56

А хто вам гэта сказаў? Хто наагул сказаў, што ў выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнічаюць выключна белыя і пухнатыя хрысціянскія дэмакраты, а таксама крыху негаласуючых Мацкевічаў? Вы ж шчыра разлічваеце на тое, што вас падтрымае большасць? Вось, угаворвайце намесніка старшыні чарговага райвыканкаму, што вы – тая самая жаданая альтэрнатыва. Раптам спадарыня Кавалькова зможа ўгаварыць нават Лукашэнку? З майго пункту гледжання, вы яе аратарскае майстэрства відавочна недаацэньваеце.

Ах, не. Вы занадта добра ведаеце сабе цану. Выхад за межы гета раўназначны палітычнай смерці? Ну-ну.

Калі склікаем памінкі?

Александр Федута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў