Праграма імя Каліноўскага будзе дзейнічаць, пакуль не скончацца месцы

Трэцяя польская праграма Імя Каліноўскага «Салідарныя з Беларуссю» пачала дзейнічаць яшчэ ў жніўні бягучага года і працягваецца да цяперашняга часу.

«У сувязі з бягучай сітуацыяй у Беларусі і значным павелічэннем колькасці рэпрэсаваных, якія з’яўляюцца статутовымі адрасатамі стыпендыяльнай праграмы ўрада Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага, дырэктар праграмы, параіўшыся з дзяржаўнымі і ўніверсітэцкімі ўладамі, прыняў рашэнне аб запуску праграмы KK – III (навучанне ў розных універсітэтах па ўсёй Польшчы). Заяўкі будуць прымацца з 31 жніўня 2020 года на пастаяннай аснове, пакуль ліміт месцаў не будзе скончаны», – паведамляе сайт Studium Europy Wschodniej.

Стаць удзельнікам праграмы могуць толькі грамадзяне Беларусі, да якіх пасля 9 жніўня 2020 г. па палітычных матывах ужываліся:

1) затрыманні, арышты, збіццё, катаванні;

2) звальненні з працы;

3) эканамічны ці псіхалагічны ціск, які зрабіў немагчымым працягваць адукацыю альбо працу ў Беларусі.

Веданне польскай мовы не з’яўляецца ўмовай атрымання стыпендыі. Стыпендыяльная праграма ўрада Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага плануе накіраваць усіх асобаў, якія прыязджаюць, на гадавы курс польскай мовы (акрамя тых, хто валодае мовай і можа пацвердзіць гэта адпаведным сертыфікатам), перш чым пачаць навучанне. Стыпендыя падчас курсу складае 1250 злотых.

Пасля заканчэння курсу польскай мовы альбо пацверджання яе ведання кандыдаты павінны будуць паступіць на навучанне ва ўніверсітэце па свайму выбару.

Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 1250 злотых для навучання на бакалаўрыяце (1-3-ы год навучання на адзінай пяцігадовай праграме) і 1500 злотых на навучанне на магістратуры (4-ы і 5-ты год на адзінай пяцігадовай праграме). Стыпендыя выплачваецца толькі падчас навучання ў Польшчы.

Дакументы, неабходныя для падачы заяўкі:

Запоўненая анкета «Кандыдат на праграму» (даступная на сайце Studium Europy Wschodniej

Заява аб прыёме на стыпендыяльную праграму;

Дакумент аб заканчэнні сярэдняй школы;

Скан старонкі пашпарта з фотаздымкам і дадзенымі ў транслітэрацыі лацінкай;

Любыя дакументы, якія пацвярджаюць рэпрэсіі;

Іншыя дакументы, якія, на думку кандыдата, могуць мець дачыненне да рашэння адборачная камісіі

Калі вы зацікаўлены, адпраўце поўны набор дакументаў, пажадана ў выглядзе скану ў фармаце PDF, на электронны адрас бюро праграмы: bialorus.studium@uw.edu.pl

Hавiны