Прагнозы надвор'я ў Беларусі сталі больш дакладнымі


Белгідрамет у 2018 годзе павысіў дакладнасць прагнозаў надворʼя на бліжэйшыя суткі да 97,1%, а на трое сутак – да 97%. Своечасовае папярэджанне аб неспрыяльных і небяспечных метэаралагічных зʼявах павялічана да 59 гадзін.

Пра гэта паведаміла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, піша БелТА.

Паводле яе слоў, забяспечыць павышэнне дакладнасці прагнозаў дазволіў уведзены ў эксплуатацыю комплекс метэаралагічных і аэралагічных назіранняў у Менску ў раёне Уручча. Тут упершыню ўжылі інтэграваны падыход функцыянавання розных сетак назіранняў, аднавілі радыёзандзіраванне атмасферы ў сталіцы, якое спынілася ў 1998 годзе праз рамонт будынку абсерваторыі і дэмантаж абсталявання.

На тэрыторыі комплексу ўведзены ў эксплуатацыю адзіны ў Беларусі тэмпературна-ветравы профілямер у мабільнай версіі. Выкарыстанне такога роду абсталявання дазваляе ў рэжыме рэальнага часу ажыццяўляць бесперапынны маніторынг параметраў ветру і тэмпературы ў ніжніх пластах атмасферы. Гэта дазваляе своечасова спрагназаваць небяспечныя прыродыя зʼявы.

«Акрамя таго, завершана будаўніцтва метэаралагічнага радыёлакатара на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту Менск. Уведзеныя ў эксплуатацыю аўтаматычныя метэастанцыі ў Горадні, Салігорску, Полацку, Шчучыне, Пружанах, Лепелі», – адзначыла першы намеснік міністра.

Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы Белгідрамета запушчаны праект «Паляпшэнне якасці атмасфернага паветра і кіраванне навакольным асяроддзем у Беларусі», які фінансуецца Еўразвязам. А каб стымуляваць дакладнасць вынікаў маніторынгу, была ўведзеная дыферэнцыраваная сістэма аплаты працы сіноптыкаў у залежнасці ад якасці прагнозаў надворʼя.

Дарэчы, заўтра, 23 лютага, паводле інфармацыі Белгідрамета, у Менску чакаецца ад – 11 ноччу да -3 удзень, пераменная воблачнасць і невялікі снегапад. А 24 лютага тэмпература паветра ўжо прагрэецца да +2.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў