Прагноз Ярмошынай і падлікі назіральнікаў. Ці чакаць рэкорду датэрміновага галасавання?


Згодна з падлікамі Цэнтральнай выбарчай камісіі цягам першага дня датэрміновага галасавання на выбарчых участках бюлетэні атрымалі 4,69 % выбарнікаў. Падчас мінулых выбараў актыўнасць выбарнікаў была меншай.

Фота: rec.gov.by/

Журналіст Паўлюк Быкоўскі параўнаў паказнікі сёлетняй актыўнасці выбарнікаў з выбарамі ў 2016 годзе. Падчас мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў цягам першага дня колькасць асобаў, якія атрымалі бюлетэні, была меншая на 0,77 %.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына раней выказала меркаванне, што датэрміновае галасаванне сёлета будзе больш актыўным. Паводле яе словаў субота на гэтым тыдні працоўная, і выбарнікі захочуць вызваліць адзіны выходны.

Падстава для крытыкі

У сваю чаргу праваабаронцы і назіральнікі нагадваюць, што падчас датэрміновага галасавання адбываецца значная доля фальсіфікацыяў.

«Падчас галасавання ў дзень выбараў скрыні адчыняюцца пасля закрыцця выбарчых участкаў і бюлетэні лічацца. А вось падчас датэрміновага галасавання скрыні застаюцца пад аховай супрацоўнікаў міліцыі, яны не кантралююцца назіральнікамі, таму не выключана, што есць магчымасць нешта ўкінуць у скрыні, ці замяніць іх змест і гэта падстава для крытыкі», – адзначыў «Белсату» старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Праваабаронцы і назіральнікі ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання зафіксавал шэраг парушэнняў на выбарчых участках.

«Мы назіраем на выбарчых участках 9-ці акругаў і маем разыходжанні ў колькасці тых, хто прагаласаваў. Нашыя звесткі і звесткі камісіяў розняцца ад 0,2 да 0,6 %. На кожнае разыходжанне мы складаем скаргу. Але агулам можна падсумаваць, што па тых участках, дзе мы маем назіральнікаў, яўка ніжэй за афіцыйныя лічбы ў два-тры разы. Самае вялікае разыходжанне зафіксавана ў Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84. Па нашых падліках было 19 выбарнікаў, а камісія налічыла ажно 85 асобаў. Што да прымусаў, то мы фіксуем выпадкі па гораду Менску», – распавёў «Белсату» Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ, кіраўнік прэсавай службы кампаніі «Права выбару».

Аб’ектыў
БНТУ галасуе датэрмінова: 113 студэнтаў за 4 гадзіны, усіх выбарнікаў – 1360
2019.11.12 21:21

Асноўны дзень галасаванне – 17 лістапада.

СК belsat.eu

Стужка навінаў